16 лістапада з Мінска ў Кіеў пачне курсіраваць новы фірменны цягнік "Белы бусел"
16 лістапада ў 20.50 са станцыі Мінск-Пасажырскі ў сталіцу Украіны адправіцца ў першы рэйс новы фірменны пасажырскі цягнік "Белы бусел" Беларускай чыгункі.
Цягнік, які складаецца са спальных вагонаў, будзе курсіраваць штодня ў начны час. Адзін з вагонаў прыстасаваны для праезду пасажыраў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.
Вагоны для новага фірменнага цягніка вырабленыя на Гомельскім і Мінскім вагонарамонтных заводах. Яны абсталяваныя кандыцыянерамі, сістэмай пажарнай сігналізацыі, біятуалетамі, сістэмамі выкліку правадніка, халадзільнікамі, мікрахвалевымі печамі і г.д. У кожным купэ вагонаў СВ усталяваныя вадкакрысталічныя маніторы з трохпраграмнай сістэмай відэатрансляцыі.
Як сказала намеснік начальніка вагоннага ўчастка — начальнік рэзерву праваднікоў УП "Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі" Вера Сямёнава, пачатак курсіравання новага цягніка быў запланаваны якраз на 2009 год.
"Гэта чацвёрты фірменны цягнік міжнародных зносін фарміравання мінскага вагоннага ўчастка", — адзначыла яна.
Паводле слоў Сямёнавай, назва цягніка "Белы бусел" была абраная падчас акцыі "Дай імя цягніку", якая праводзіцца ў інтэрнеце.



