Любоў Кавалёва: У маім сэрцы з'явілася надзея, што сына не расстраляюць

"У маім сэрцы з'явілася надзея, што сына не расстраляюць, пакуль скарга ў дачыненні да яго не будзе разгледжана ў Камітэце ААН па правах чалавека", — сказала Любоў Кавалёва, каментуючы БелаПАН адказ на свой зварот да кіраўніка дзяржавы.
Нагадаем, 1 лютага маці Кавалёва звярнулася ў Канстытуцыйны суд (КС) Беларусі з просьбай разгледзець на адпаведнасць Канстытуцыі Крымінальна-выканаўчы кодэкс, які не прадугледжвае прыпыненне смяротнай кары ў сувязі са зваротам асуджанага ў міжнародныя інстанцыі ў мэтах абароны сваіх правоў.
У сувязі з гэтым Кавалёва апасаецца, што прыгавор суда ў дачыненні да яе сына, абвінавачанага па справе аб тэракце ў мінскім метро, можа быць прыведзены ў выкананне да разгляду скаргі сям'і Кавалёвых у Камітэце ААН па правах чалавека, куды звярнуліся яна і яе дачка.
У КС жанчыне адказалі, што права на зварот у Канстытуцыйны суд маюць толькі спецыяльна ўпаўнаважаныя Канстытуцыяй органы.
6 лютага Кавалёва разаслала лісты ў арганізацыі, якія маюць паводле закона права звяртацца ў КС, — Савет міністраў, абедзве палаты Нацыянальнага сходу, Вярхоўны суд і прэзідэнта. Яна прасіла іх адправіць у КС заключэнне аб неадпаведнасці названага кодэкса Канстытуцыі краіны і факультатыўнаму пратаколу да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
18 лютага Кавалёва атрымала адказ з аддзела па пытаннях грамадзянства і памілавання Адміністрацыі прэзідэнта. У ім сказана, што па яе прапанове "мэтазгодны комплексны прававы аналіз заканадаўства з удзелам кампетэнтных дзяржаўных органаў".
"Для майго сына, прыгаворанага да смерці, вырашэнне гэтага пытання жыццёва важнае", — падкрэслівае Любоў Кавалёва.
У сваю чаргу праваабаронца Раман Кісляк, які кансультуе маці Кавалёва па прававых пытаннях, зазначыў: чалавек, які звярнуўся па абарону сваіх правоў у міжнародныя інстанцыі, павінен мець магчымасць атрымаць адказ на свой зварот. "Без гэтага дадзенае канстытуцыйнае права — пустая дэкларацыя", — падкрэсліў ён.
Праваабаронца нагадаў, што адсутнасць у беларускім заканадаўстве механізму прыпынення ў такіх выпадках выключнай меры пакарання ўжо прывяло да пакаранняў Васіля Юзапчука і Андрэя Жука — у 2010 годзе, а таксама Алега Грышкаўцова і Андрэя Бурдыкі — у 2011 годзе. "Гэта адбылося нягледзячы на тое, што іх справы ў Камітэце ААН па правах чалавека былі зарэгістраваныя і працэдура іх разгляду на сённяшні дзень яшчэ не завершана", — падкрэсліў Кісляк.
Нагадаем, у красавіку 2010 года, адказваючы на пытанне БелаПАН, чаму прыгаворы Юзапчуку і Жуку былі прыведзены ў выкананне, нягледзячы на афіцыйны запыт Камітэта ААН па правах чалавека, кіраўнік МУС Анатоль Куляшоў заявіў: "Я не жыву па законах ААН, я жыву па законах сваёй краіны. Наша заканадаўства з'яўляецца прыярытэтным. Калі мы ўсе гэтыя пытанні абмяркуем, разгледзім, то тады мы іх будзем выконваць".
Беларусь — адзіная ў Еўропе краіна, дзе дагэтуль прымяняецца смяротная кара. Міжнародная супольнасць неаднаразова заклікала беларускія ўлады аб'явіць мараторый на смяротную кару. Апошнім разам з такім зваротам да афіцыйнага Мінска выступіў Еўрапарламент. У яго рэзалюцыі ад 16 лютага ўтрымліваецца заклік да Аляксандра Лукашэнкі памілаваць Уладзіслава Кавалёва і другога фігуранта крымінальнай справы Дзмітрыя Канавалава і спыніць практыку прымянення смяротнай кары.



