Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2012/10/11/580378_580381/
Дата раздрукоўкі: 24.07.2017 03:31
11.10.2012 12:09 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка супраць пераходу бліжэйшым часам на змешаную выбарчую сістэму

Мінск, 11 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка выступае супраць пераходу бліжэйшым часам на змешаную выбарчую сістэму. Пра гэта ён заявіў 11 кастрычніка на заключным сумесным пасяджэнні Нацыянальнага сходу чацвёртага склікання.

Выступаючы перад парламентарыямі, кіраўнік дзяржавы закрануў тэму магчымага пераходу на змешаную выбарчую сістэму, якая выкарыстоўвае не толькі аднамандатныя акругі, але і партыйныя спісы. "Гэта сістэма шырока выкарыстоўваецца ў свеце і эфектыўна дзейнічае ў краінах з развітай партыйнай сістэмай. Мы ніколі не адмаўлялі магчымасць пераходу да падобнай сістэмы. Але трэба разумець, што выбары па партыйных спісах не могуць быць эфектыўнымі, калі няма аўтарытэтных партый, калі няма партый, якія ў розумах народа асацыююцца з канкрэтнымі іх справамі, праграмамі і платформамі", — сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён задаў пытанне: колькі партый у краіне і чым яны адна ад адной адрозніваюцца? Паводле меркавання Лукашэнкі, "пазнавальная кампартыя", "могуць таксама людзі назваць БНФ" — "і ўсё". "БНФ наўмысна, калі не быў успрыняты грамадствам, раздрабніўся на часткі. <…> Яны наўмысна гэта раздрабнілі, абазвалі АГП, ЛДП і гэтак далей і таму падобнае. Але гэта былі асколкі — ці БНФ, ці Камуністычнай партыі Беларусі", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Партыі, падкрэсліў ён, павінны сфарміравацца. "Мне гавораць, што "Белая Русь" гатова стаць партыяй. Ну, гатова — хай становіцца партыяй, я не супраць. Наадварот, буду падтрымліваць, таму што там галоўным чынам збіраюцца патрыёты. Але я б не раіў ім спяшацца. Яны сапраўды могуць стаць цэнтрысцкай сілай, як Сацыялістычная партыя ў Францыі ці як сацыял-дэмакратычная сапраўдная партыя, якой не чужая будзе, скажам, прыватная ўласнасць, але якой будзе непрымальна з'яўленне прыватнай уласнасці ў выніку дзікай прыватызацыі. <…> Яна не будзе супраць прыватнай уласнасці як, напрыклад, кампартыя", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, "кампартыя займае пэўнае месца", а "БНФ — зразумела: Захад, нацыяналізацыя, радыкалізацыя, гвалт, шум, усіх прыбраць, беларусаў толькі пакінуць". А вось цэнтральнае месца на палітычным полі сёння практычна свабоднае, заўважыў Лукашэнка.

Ён лічыць, што, "калі сёння правесці перапіску, ўтрэсванне партый, дык у нас, сапраўды, застануцца толькі дзве партыі ці адна партыя і адзін грамадскі рух "Белая Русь" – усё". "У астатніх жа колькасці не набярэцца. Мы перад выбарамі і на гэта закрылі вочы", — дадаў Лукашэнка.

Паводле яго меркавання, "трэба даць магчымасць партыям сфарміравацца". Галоўнае, лічыць Лукашэнка, каб людзі выразна добра ўяўлялі, што будзе рабіць тая ці іншая партыя, калі прыйдзе да ўлады. "Вось тады мы можам наогул парламент фарміраваць па партыйных спісах, у гэтым страху ніякага не будзе. Няхай народ прымае на сябе адказнасць, фарміруе парламент, аддаўшы перавагу нейкай з партый, і пажынае лаўры свайго рашэння", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Пакуль жа, лічыць ён, ісці на гэта нельга. "Я супраць гэтага, давайце не будзем спяшацца. Не мы павінны вызначаць як — мы павінны прымаць рашэнні, а вызначаць павінны час і народ", — падкрэсліў Лукашэнка.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН