Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2012/10/17/581648_581649/
Дата раздрукоўкі: 21.11.2017 00:02
17.10.2012 14:06 Палітыка, Грамадства

Ярмошына: Змешаная выбарчая сістэма ў Беларусі — гэта нейкая паўцяжарнасць

Мінск, 17 кастрычніка. Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына выступае супраць увядзення ў Беларусі змешанай выбарчай сістэмы, калі дэпутатаў выбіраюць як па партыйных спісах, так і па аднамандатных акругах.

"Я наогул супраць змешанай выбарчай сістэмы. Пры 110 дэпутатах абіраць па 55 рознымі спосабамі — гэта будзе нейкая паўцяжарнасць", — заявіла кіраўнік ЦВК у інтэрв'ю БелаПАН.

"Мажарытарныя акругі будуць непад'ёмна велізарнымі, мажарытарная сістэма проста не будзе выконваць сваю функцыю, бо дэпутат не зможа даходзіць да кожнага выбаршчыка, ён стане зусім недаступнай фігурай для выбаршчыка", — растлумачыла сваю пазіцыю Ярмошына.

З іншага боку, адзначыла яна, "55 дэпутатаў для 15-ці партый — гэта мала, будзе занадта высокі прахадны бар'ер для праходу ў парламент". "Такім чынам, у яго змогуць трапіць толькі адна-дзве буйныя партыі", — сказала кіраўнік ЦВК.

Паводле яе меркавання, у Беларусі трэба выкарыстоўваць або мажарытарную, або прапарцыянальную выбарчую сістэму.

Лідзія Ярмошына не адмаўляе, што правядзенне парламенцкіх выбараў па партыйных спісах мае пэўныя плюсы. "Я ўвесь час кажу, што гэта дапаможа фарміраванню палітычнай партыйнай сістэмы", — заявіла яна.

Акрамя таго, лічыць Ярмошына, такія выбары будуць стымуляваць развіццё партый. "Магчыма, сфарміруецца больш разнастайны парламент у сваіх палітычных поглядах. Але ён будзе і больш кіраваным, бо будуць мець значэнне меркаванні лідараў фракцый, а астатнія стануць пад іх падладжвацца", — мяркуе кіраўнік ЦВК.

Пры гэтым яна падкрэсліла: правядзенне выбараў па партыйных спісах магчымае толькі пасля змянення Канстытуцыі. "Пакуль у ёй будзе інстытут адклікання дэпутатаў (а ён прадугледжвае мажарытарную сістэму), мы не зможам у гэтым плане змяняць выбарчае заканадаўства", — заявіла Ярмошына.

Кіраўнік ЦВК паведаміла, што прадставіла свае прапановы па змяненні выбарчага заканадаўства кіраўніку дзяржавы.

"Пра іх будзе паведамлена кіраўніку дзяржавы ў агульнай дакладной запісцы разам з усімі плюсамі і мінусамі, якія рыхтуюць іншыя палітычныя і ідэалагічныя службы. Гэта — самы пачатак. Я нават не ведаю, ці інфармаваны пра іх кіраўнік дзяржавы, ухваліў ён іх ці не. Як толькі будзе дадзена даручэнне, Цэнтральная камісія пачне працаваць", — сказала Ярмошына.

"Я разумею, што трэба адштурхоўвацца ад рэальнасцяў, якія маем цяпер, а менавіта — мажарытарнай выбарчай сістэмы", — заявіла кіраўнік ЦВК, адзначыўшы, што займацца змяненнем выбарчага заканадаўства, не закранаючы выбарчую сістэму, можна.

"У нас якраз хапае часу да наступных выбараў. Апошні магчымы дзень правядзення наступнай выбарчай кампаніі — 23 сакавіка 2014 года, такім чынам, яна пачнецца ў снежні 2013 года. Ёсць перыяд, каб падумаць пра змяненне законаў, калі такое даручэнне будзе", — лічыць Ярмошына.

Яна, у прыватнасці, прапануе кіраўніку дзяржавы ўвесці дадатковую магчымасць для вылучэння кандыдатаў — даць такое права рэспубліканскім грамадскім аб'яднанням, у склад якіх уваходзіць больш за тысячу чалавек. "Нават назіральнікі ад АБСЕ адзначаюць, што ў нас слабыя партыі і моцныя грамадскія аб'яднанні", — растлумачыла сваю думку Ярмошына.

"Тады мы, можа быць, адыдзем ад формы, якая апошнім часам ужываецца рэдка і няякасна, а менавіта — вылучэнне ад працоўных калектываў. Калі шчыра, мы б ад яе даўно адышлі, але гэта прадугледжана Канстытуцыяй. Калі з'явяцца альтэрнатыўныя магчымасці вылучэння (акрамя партый і збору подпісаў) людзям палітычна нейтральным, то рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні, магчыма, стануць асновай той будучай сістэмы, якая прадугледжвае галасаванне па партыйных спісах, гэта значыць, будуць фарміравацца новыя партыі з гэтых арганізацый", — адзначыла кіраўнік ЦВК.

Ярмошына таксама лічыць, што трэба фарміраваць выбарчыя фонды з моманту вылучэння кандыдата — каб былі легальныя сродкі заплаціць членам ініцыятыўнай групы. "Пры гэтым я прапаную зняць абмежаванні па ўнясенні ў фонд асабістых сродкаў. Бо ўжо няма роўнасці: адзін кандыдат ездзіць на новым мерседэсе, а другі — на старых жыгулях", — растлумачыла яна.

Ярмошына таксама лічыць неабходным "абавязкова выводзіць з паняцця перадвыбарнай агітацыі агітацыю за байкот выбараў". "Яна можа ажыццяўляцца, але не на льготных умовах, а ў тых межах, у якіх праходзяць звычайныя грамадска-масавыя мерапрыемствы", — падкрэсліла кіраўнік ЦВК.

Акрамя таго, паводле яе слоў, "трэба пашыраць пералік падстаў, якія класіфікуюцца як злоўжыванні на вядзенне перадвыбарнай агітацыі і прапаганды".

"Цяпер злоўжываннем з'яўляецца паклёп толькі на адрас іншых кандыдатаў або вышэйшых службовых асоб краіны. Я лічу, што перадвыбарная агітацыя не павінна ўтрымоўваць паклёп і абразы на адрас любога грамадзяніна", — заявіла Ярмошына.

Паводле яе слоў, апошнія выбары паказалі, што "рыторыка некаторых кандыдатаў поўнасцю грунтавалася на паклёпе і абразах на адрас членаў выбарчых камісій". "Мы не можам іх нават абараніць", — падкрэсліла кіраўнік ЦВК.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН