Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2014/07/07/712580_712593/
Дата раздрукоўкі: 27.09.2016 03:06
07.07.2014 12:16 Палітыка, Грамадства

Ва Украіне ствараецца атрад з беларусаў, якія жадаюць далучыцца да ўкраінскіх добраахвотных батальёнаў

Мінск, 7 ліпеня. Атрад пад назвай "Пагоня" фарміруецца ў Валынскай вобласці Украіны для падрыхтоўкі грамадзян Беларусі, якія хочуць далучыцца да ўкраінскіх добраахвотніцкіх батальёнаў "Айдар", "Азоў" і "Данбас" на ўсходзе краіны. Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік кіраўніка Валынскага абласнога савета Ігар Гузь.
"Ёсць ва Украіне маладзёжная арганізацыя "Нацыянальны альянс", якая ўжо каля дзесяці гадоў актыўна супрацоўнічае з беларускімі маладзёжнымі арганізацыямі, у тым ліку з "Маладым фронтам", "Моладдзю БНФ" і гэтак далей, — сказаў ён. — На нас выйшлі беларусы, якія былі ў нас у спартыўна-патрыятычных лагерах, з тым, што яны гатовы абараняць Украіну. Мы з імі пагутарылі і выйшлі на такі фармат, што будзе невялікае падраздзяленне "Пагоня". Усе жадаючыя змогуць прыязджаць, праходзіць навучанне і будуць накіроўвацца ў добраахвотніцкія батальёны "Данбас", "Айдар" і "Азоў", якія зараз на фронце".

Гузь паведаміў, што зараз падрыхтоўку ва Украіне праходзяць пяцёра беларусаў. "Гэта актывісты шэрагу маладзёжных і не толькі маладзёжных арганізацый. Усе яны ва ўзросце да 30 гадоў, але нам ужо пішуць розныя людзі, у тым ліку і старэйшыя, — сказаў Гузь. — З-за таго што беларусы апасаюцца санкцый з боку беларускіх уладаў, мы не будзем называць іх імёны ці паказваць фота".

Гузь падкрэсліў: ініцыятыва стварэння атрада "Пагоня" не з'яўляецца дзяржаўнай. "Гэта ініцыятыва тых людзей ва Украіне, якія даўно кантактуюць з беларусамі", — дадаў ён.

У міжнародным грамадскім аб'яднанні "Малады фронт" (Чэхія) БелаПАН пацвердзілі, што некаторыя актывісты арганізацыю супрацоўнічаюць з украінскімі калегамі і адправіліся ва Украіну, але з якой мэтай, канкрэтызаваць не сталі.

Антытэрарыстычная аперацыя на ўсходзе Украіны працягваецца. Паводле апошніх звестак украінскіх СМІ, ад сепаратыстаў поўнасцю вызваленыя гарады Славянск і Краматорск Данецкай вобласці.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2016 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН