Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2015/03/16/765027/
Дата раздрукоўкі: 28.08.2016 05:08
16.03.2015 09:27 Эканоміка, Грамадства

РГА "Перспектыва" паведамляе пра сустрэчу прадпрымальнікаў з прэзідэнтам 17 сакавіка

Мінск, 16 сакавіка. Як паведамляе РГА "Перспектыва", сустрэча прадпрымальнікаў з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам адбудзецца 17 сакавіка ў гандлёва-забаўляльным цэнтры "Экспабел".

Прадпрымальнікаў прасілі прыйсці на свае працоўныя месцы ў 7 гадзін раніцы. Сустрэча плануецца на першым паверсе крытага цэнтра. "Перспектыву" не запрашаюць, паведамляецца на сайце грамадскага аб`яднання.

Пры гэтым у "Перспектыве" адзначаюць, што "ўсё ідзе па пунктах рэзалюцыі Форуму прадпрымальнікаў, які прайшоў у Мінску 16 лютага 2015 года". Адным з пунктаў была і сустрэча з кіраўніком дзяржавы.

"РГА "Перспектыва" спадзяецца, што Лукашэнка прыме дакладнае і абдуманае рашэнне, без спешкі. Сітуацыя ў эканоміцы мяняецца так імкліва, што ўжо цяперашнія падаткі плаціць цяжка, не кажучы ўжо пра новыя. Сочым за падзеямі. Са свайго боку, хочам сказаць, што рыхтуецца чарговы Форум прадпрымальнікаў вясной 2015 года, праблемы сертыфікатаў, падаткаў, канфіскацый не вырашаныя па-ранейшаму. Нам ёсць пра што гаварыць. Будзем разам", — гаворыцца на сайце РГА.

Нагадаем, 13 сакавіка ў Мінску адбылася сустрэча сталічных прадпрымальнікаў з чыноўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта, на якой прадстаўнікоў малога бізнесу азнаёмілі з праектам новага ўказа кіраўніка дзяржавы, якім уносяцца змяненні ў дзейны ўказ № 222. Пасля гэтай сустрэчы фатаграфіі з тэкстам праекта ўказа распаўсюдзіліся ў сацыяльных сетках.

Так, праект новага ўказа абвяшчае, што ІП, якія выплачваюць адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, пры ажыццяўленні рознічнага гандлю, у тым ліку таварамі лёгкай прамысловасці, "мае права ажыццяўляць перавозку (транспарціроўку) гэтых тавараў, іх рэалізацыю ў гандлёвых аб`ектах і на гандлёвых месцах на рынках без дакументаў, што пацвярджаюць іх набыццё (паступленне)".

Пры гэтым ІП з таварамі, увезенымі з краін Мытнага саюза без суправаджальных дакументаў, абавязаныя выплачваць падатак на дададзены кошт у фіксаванай суме. Гэты падатак вылічаецца як "чатырохразовая сума належнага да выплаты адзінага падатку без уліку павышаючага каэфіцыента 2".

Гэтыя папраўкі, сказаў кіраўнік "Перспектывы" Анатоль Шумчанка, у цэлым адказваюць інтарэсам прадпрымальнікаў, за выключэннем памеру падатковай базы. "Тое, што ўлады вяртаюцца да канцэпцыі выплаты прадпрымальнікамі адзінага падатку за права перавозіць, захоўваць і рэалізоўваць тавары без суправаджальных дакументаў, гэта нас задавальняе, мы гэта падтрымліваем. Але трэба карэктаваць каэфіцыенты падатку, таму што каэфіцыент, прадугледжаны ў новым указе, для многіх ІП будзе непад`ёмным, ён вырасце ў паўтара раза", — адзначыў ён.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2016 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН