Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2015/12/14/820260_820261/
Дата раздрукоўкі: 28.09.2016 14:54
14.12.2015 12:33 Грамадства, Палітыка

Міністр адукацыі: З удзельнікамі студэнцкіх акцый пратэсту, магчыма, трэба быць "больш агрэсіўнымі"

Мінск, 14 снежня. Ініцыятары студэнцкіх пратэстаў "карыстаюцца нашай інтэлігентнасцю, нашым спакойным рэагаваннем на розныя выпады", заявіў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў 14 снежня ў Палаце прадстаўнікоў на сустрэчы членаў маладзёжнага савета пры міністэрстве.
"Можа, нам трэба быць больш агрэсіўнымі", — сказаў міністр, каментуючы акцыю студэнтаў БДУ супраць увядзення ў ВНУ платных пераздач, якая прайшла 2 снежня ў Мінску.

"Пытанні маладзёжнай палітыкі вельмі важныя, — падкрэсліў ён. — Апошнім часам ідзе гэта неспакойная абстаноўка ўсюды ў свеце, і ў нас у краіне, на жаль, гэта адбіваецца. Гэта гаворыць аб тым, што трэба надаваць больш увагі маладзёжнаму асяроддзю не толькі мерапрыемствамі культурна-забаўляльнага плана, прысвечанымі бытавым праблемам, але і незвычайна важныя цяпер пытанні, звязаныя з палітыкай, сацыяльнай сферай, у тым ліку працай у інтэрнэце".

"Гэты рух незразумелы, які нібыта называецца "Студэнты супраць", але там студэнтаў фактычна няма. Вось як на яго рэагаваць і што нам рабіць, думаю, таксама варта падумаць аб гэтай праблеме", — заявіў Жураўкоў.

На яго думку, у маладзёжным асяроддзі, у тым ліку студэнцкім, дастаткова развітая сацыяльная інфантыльнасць. "Гэта значыць вы мяне не кранайце, няхай хтосьці іншы робіць, але калі мне штосьці трэба, я буду патрабаваць: вы мне дайце, вы мяне забяспечце, я яшчэ крытыкую, я яшчэ і выкажу ў хамскай форме. Таксама трэба неяк на гэта рэагаваць", — сказаў міністр.

Варта адзначыць, што перад пачаткам пасяджэння Жураўкоў адказаў адмовай на просьбу журналістаў пракаментаваць студэнцкія акцыі пратэсту, але закрануў гэту тэму падчас выступлення.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2016 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН