Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2016/01/12/eu_eu_824836_824837/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2016 14:42
12.01.2016 10:00 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Пасол Брус Бакнел: Беларусь усё яшчэ вельмі кантраляваная краіна, але ёсць шлях да Еўропы

Мінск, 12 студзеня. "Я пакідаю брытанска-беларускія адносіны ў значна лепшым стане, чым гэта было, калі я пачынаў працу", — заявіў у эксклюзіўным інтэрв`ю БелаПАН пасол Вялікабрытаніі Брус Бакнел, які завяршае сваю працу ў Беларусі.
Паводле слоў дыпламата, яму не ўдалося рэалізаваць усё, што ён планаваў, калі прыехаў у Беларусь у ліпені 2012 года, але пэўныя поспехі ёсць. "Для мяне, як і для іншых маіх калег, вялікім поспехам стала ўваходжанне Беларусі ў Балонскі працэс. Гэта знак прагрэсу, прамень святла, гэта значыць больш блізкіх адносінаў. Калі Беларусь лічыць сябе еўрапейскай краінай, хоча далучыцца да еўрапейскіх інстытутаў, яна павінна адпавядаць пэўным патрабаванням і выконваць пэўныя абавязацельствы. Савет Еўропы — гэта адна з гэтых арганізацый, а Балонскі працэс у цэлым — гэта еўрапеізацыя Беларусі", — сказаў Бакнел.

Сярод іншых важных падзей пасол назваў аднаўленне дзейнасці Брытана-беларускай гандлёвай палаты. "Гэта вельмі добра, таму што ёсць арганізацыя для прасоўвання гандлю паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю", — адзначыў дыпламат.

Але самым важным дасягненнем для сябе і іншых еўрапейскіх паслоў, якія працуюць у Беларусі, Брус Бакнел назваў паляпшэнне адносінаў паміж Мінскам і Бруселем. "Але гэта — працэс. Дыпламатыя — гэта бясконцы працэс. У нас ідзе паступовае, павольнае паляпшэнне адносінаў. Гэта для мяне самы галоўны поспех тут, у Беларусі", — падкрэсліў пасол.

Пры гэтым ён адзначыў, што праблемныя пытанні ў адносінах Беларусі і ЕС засталіся. "Калі я сустракаўся ўчора (5 студзеня. — БелаПАН.) з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, мы іх абмяркоўвалі. Гаварылі аб тым, што хутка будзе апублікавана справаздача БДІПЧ АБСЕ аб мінулых прэзідэнцкіх выбарах, і рэкамендацыі аб тым, што можна зрабіць, каб палепшыць сітуацыю ў Беларусі з палітычнымі партыямі і палітычнай дзейнасцю. Мы гаварылі і аб праблеме смяротнай кары", — расказаў Бакнел.

"Я думаю, што Беларусь усё яшчэ вельмі кантраляваная краіна. Але ёсць шлях да Еўропы, а значыць павінны быць паляпшэнні ў пытанні правоў чалавека, дэмакратыі. Канешне, больш свабоды — гэта лепш, але ў любым выпадку гэта паступовы працэс, крок за крокам", — дадаў брытанскі дыпламат.

Сваю дыпламатычную місію ў Беларусі Брус Бакнел завяршае 15 студзеня. Новым паслом Вялікабрытаніі ў Беларусі прызначана Фіёна Гіб, якая, як чакацца, прыедзе ў Мінск у канцы студзеня.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2016 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН