Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2016/02/03/eu_eu_828744_12345/
Дата раздрукоўкі: 30.07.2016 16:03
03.02.2016 16:57 Палітыка, Грамадства, Беларусь — Eўрасаюз

Бяляцкі і Літвіна абмеркавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі з прадстаўнікамі ЕС

Мінск, 3 лютага. Прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці прапаноўваюць ЕС не зніжаць узровень маніторынгу сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і працягваць у сувязі з гэтым націск на афіцыйны Мінск. Сітуацыя з правамі чалавека абмяркоўвалася падчас візіту ў Брусель старшыні закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага і экс-старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанны Літвіной 2—3 лютага.
Бяляцкі і Літвіна сустрэліся з намеснікам генеральнага сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельгай Шмід, спецыяльным прадстаўніком ЕС па правах чалавека Стаўрасам Ламбрынідысам, пасламі еўрапейскіх краін пры ЕС па палітычных пытаннях і пытаннях бяспекі, а таксама іншымі прадстаўнікамі Еўрасаюза, якія займаюцца праблематыкай правоў чалавека.

"Беларускія праваабаронцы адзначылі, што пасля вызвалення ў жніўні 2015 года палітычных зняволеных ніякіх іншых пазітыўных зменаў у сферы правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі не адбылося, а прэзідэнцкія выбары ў кастрычніку прайшлі з вялікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі", — паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Бяляцкі і Літвіна звярнулі ўвагу суразмоўцаў на ігнараванне ўладамі адкрытага звароту праваабаронцаў ад 9 снежня. У ім прапаноўвалася неадкладна пачаць працэс дэмакратычных пераменаў у краіне: спыніць палітычны пераслед апазіцыйных актывістаў, пачаць рэгістрацыю грамадскіх арганізацый і палітычных партый без цэнзуры, стварыць бяспечныя ўмовы вяртання ў краіну палітуцекачоў, спыніць пераслед незалежных журналістаў і дэмакратычных СМІ, увесці мараторый на смяротнае пакаранне.

На думку прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, праблемы з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі працягваюць насіць сістэмны характар: адзначаецца націск на актывістаў і журналістаў, выносяцца новыя смяротныя прысуды і адмовы ў рэгістрацыі грамадскіх арганізацый.

Бяляцкі і Літвіна заклікалі ЕС прыняць і апублікаваць план "першачарговых чаканых ад уладаў Беларусі мер, накіраваных на прагрэс у сферы правоў чалавека ў краіне", а таксама ўзгадніць з імі "дарожную карту" па выкананні гэтага плана.

У паведамленні адзначаецца, што візіт Літвіной і Бяляцкага ў Брусель праходзіць незадоўга да прыняцця Еўрасаюзам рашэння аб санкцыях супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека і фальсыфікацыі на выбарах. "Прадстаўнікі Еўрасаюза і паслы краін ЕС запэўнілі беларускіх праваабаронцаў, што, нягледзячы на тое, якое рашэнне будзе прынятае па санкцыях, увага да Беларусі з боку Еўрасаюза не паменшыцца, што дэмакратычныя свабоды і правы чалавека будуць заставацца прыярытэтнымі пытаннямі ў адносінах ЕС і Беларусі", — падкрэслівае праваабарончы рэсурс.

Дзеянне візавых і эканамічных санкцый у дачыненні да 171 фізічнага і 10 юрыдычных асобаў Беларусі было прыпыненае 31 кастрычніка 2015 года на чатыры месяцы ў адказ на вызваленне ўсіх палітвязняў і "ў кантэксце паляпшэння адносін паміж ЕС і Беларуссю". Да канца лютага ЕС павінен вызначыцца з нагоды далейшага лёсу абмежавальных мер. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Савета ЕС, пытанне па Беларусі будзе разглядацца 15 лютага Саветам ЕС па замежных справах.

Між тым беларускае МЗС неаднаразова заяўляла, што ў Мінску разлічваюць на поўную адмену санкцый.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2016 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН