Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2016/02/10/829930_965874/
Дата раздрукоўкі: 05.12.2016 03:27
10.02.2016 14:36 Палітыка, Грамадства

Спецдакладчык ААН: Ніякіх зменаў у дрэннай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не адбылося

Мінск, 10 лютага. З моманту правядзення прэзідэнцкіх выбараў у кастрычніку 2015 года "ніякіх зменаў у дрэннай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не адбылося", гаворыцца ў заяве спецдакладчыка ААН па Беларусі Міклаша Харасці, апублікаванай на сайце вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.
"За апошнія чатыры месяцы з моманту выбараў ніякіх крокаў не было зроблена ў Беларусі для змены рэпрэсіўных законаў і практыкі іх прымянення, але з'явіліся выпадкі новых парушэнняў правоў чалавека", — гаворыцца ў заяве.

Харасці адзначае, што апошнія выбары, "як і ўсе папярэднія, не адпавядалі дэмакратычным стандартам, а дзейны прэзідэнт быў пераабраны пры яўцы, якая не правяралася, і пры непразрыстым падліку галасоў".

Сярод прыкладаў парушэнняў правоў чалавека Харасці называе той факт, што былыя палітвязні, вызваленыя незадоўга да выбараў, да гэтага часу не адноўленыя ў грамадзянскіх і палітычных правах. Не закрытая крымінальная справа ў дачыненні да экс-кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах у 2010 годзе Алеся Міхалевіча. У зняволенні знаходзіцца актывіст Міхаіл Жамчужны (заснавальнік закрытай уладамі установы "Платформ інавейшн", што займалася пытаннямі парушэння правоў людзей, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі).

У якасці іншых парушэнняў спецдакладчык адзначае наступныя: забарона на ўезд у Беларусь праваабаронцы Алене Танкачовай; адсутнасць гарантый бяспекі пры вяртанні тых, хто пакінуў краіну з-за прычыны палітычных пераследаў; рэгулярныя штрафы прадстаўнікам апазіцыі за правядзенне розных акцый; крымінальная "справа графіцістаў"; збіванне ў будынку суда карэспандэнта tut.by Паўла Дабравольскага і двух актывістаў Паўла Сяргея і Максіма Шыціка; адмова ў рэгістрацыі шэрагу грамадскіх аб'яднанняў, у тым ліку праваабарончага цэнтра "Вясна"; штрафы, вынесеныя журналістам-фрылансерам за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ.

"Спыненне гэтых парушэнняў правоў чалавека патрабуе толькі палітычнай волі ў гэтай вельмі цэнтралізаванай сістэме, — падкрэслівае Харасці. — Улады павінны пайсці далей мяккага падыходу да цяперашніх рэпрэсіўным правілах. Ураду Беларусі неабходна пачаць маштабную рэформу заканадаўства для прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі і абавязацельствамі ў сферы правоў чалавека".

Для паляпшэння сітуацыі Харасці рэкамендуе спрасціць ў Беларусі рэгістрацыю грамадскіх аб'яднанняў, правілы правядзення масавых мерапрыемстваў, скасаваць крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, увесці мараторый на смяротнае пакаранне, правесці сумленныя і адкрытыя парламенцкія выбары.

"Я па-ранейшаму гатовы супрацоўнічаць з уладамі. Узаемадзеянне уладаў з мандатам ААН па правах чалавека стане крокам, які сведчыць аб гатоўнасці уладаў працаваць над паляпшэннем сітуацыі з правамі чалавека ў краіне", — заяўляе Харасці.

Мандат спецдакладчыка па Беларусі быў заснаваны Саветам ААН па правах чалавека ў ліпені 2012 года і з таго часу штогод працягваўся, аднак беларускія ўлады не прызнаюць яго і адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з ім. На пасяджэнні Савета ААН па правах чалавека ў маі мінулага года пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэневе Міхаіл Хвастоў заявіў, што наяўнасць спецдакладчыка ААН па сітуацыі ў Беларусі на сённяшні дзень "неадэкватная рэальнасці".

За ўсе гэтыя гады Міклаш Харасці так і не атрымаў магчымасці наведаць Беларусь, каб вывучыць сітуацыю на месцы і сустрэцца з прадстаўнікамі ўлады. Тым не менш ён рэгулярна рыхтуе справаздачы аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, прэзентуючы іх Савету ААН па правах чалавека і Генеральнай асамблеі ААН.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2016 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН