Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2016/02/11/830169_523641/
Дата раздрукоўкі: 31.07.2016 06:32
11.02.2016 14:54 Грамадства

Лукашэнка заклікае сілавікоў "быць народнымі людзьмі"

Мінск, 11 лютага. Галоўнае ў працы праваахоўных органаў не статыстыка, а рэакцыя насельніцтва, заявіў кіраўнік дзяржавы 11 лютага на пашыраным пасяджэнні калегіі Следчага камітэта (СК).
"Нам не патрэбная паказуха", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Статыстыка адлюстроўвае вынік дзейнасці праваахоўнікаў і можа служыць для аналізу яе эфектыўнасці, але галоўнае — гэта рэакцыя насельніцтва, падкрэсліў ён.

Лукашэнка заклікаў міліцыю і іншыя сілавыя структуры "быць народнымі людзьмі" і запатрабаваў ад іх рабіць усё неабходнае для павышэння іміджу ў насельніцтва, даказваючы, што яны носяць пагоны для аховы людзей.

Аналагічныя заклікі кіраўнік дзяржавы выказаў два тыдні таму. "Вы павінны рабіць усё, каб спадабацца чалавеку сваімі дзеяннямі. <...> Вы для нашых грамадзян — самыя блізкія прадстаўнікі закону, ўвасабляеце для іх справядлівасць і бяспеку", — сказаў ён на калегіі МУС 28 студзеня.

Гэтым заявам папярэднічаў скандал са збіваннем супрацоўнікамі АМАП двух грамадскіх актывістаў і карэспандэнта партала tut.by Паўла Дабравольскага 25 студзеня ў будынку суда Фрунзенскага раёна Мінска, дзе слухалася рэзанансная "справа графіцістаў". Пасля збітых абвінавацілі ў непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі і пакаралі буйнымі штрафамі. Факт збівання атрымаў шырокі грамадскі рэзананс, і ГУУС Мінгарвыканкама вымушанае было прызначыць у сувязі з гэтым службовую праверку. СК, у сваю чаргу, паведаміў аб правядзенні праверкі паводле скаргі збітага журналіста.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2016 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН