Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2016/11/17/875033_12345/
Дата раздрукоўкі: 15.12.2017 22:49
17.11.2016 16:29 Грамадства

Лукашэнка: У адукацыі ёсць яшчэ столькі дурноцця неразумнага

Мінск, 17 лістапада. "У адукацыі ёсць яшчэ столькі дурноцця неразумнага", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 17 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных СМІ.

Паводле яго слоў, міністр адукацыі прыносіць яму на прачытанне новыя падручнікі для школьнікаў. Лукашэнка лічыць, што варта спрасціць падручнікі па матэматыцы і фізіцы. "Не зусім звесці ніжэй калена, але спрасціць, каб дзецям у сярэдняй школе даваць той аб`ём, які ім патрэбны. Не трэба з іх студэнтаў матэматычнай ВНУ рабіць. У нас часам такая лухта, я занураны настолькі ў гэта", — прызнаўся Лукашэнка. Зараз настолькі складаныя падручнікі па матэматыцы, што задачы з іх не могуць вырашыць нават маладыя бацькі, дадаў ён.

А вось падручнікі па літаратуры і гісторыі спрашчаць не трэба, лічыць Лукашэнка. "Калі нацмены былі ва ўладзе, яны павыкидали ўсё рускае з літаратуры і паўпіхвалі ў праграму свае творы, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — "Вайну і свет" і "Узнятую цаліну" ў нас у Беларусі яшчэ ніхто не напісаў, чаму мы іх павінны выкідаць са школьнай праграмы? Усё вярнулі". Ён падкрэсліў важнасць вывучэння беларускіх класікаў і сучасных пісьменнікаў і паэтаў, а таксама вывучэння грамадазнаўства і філасофіі.

"У ВНУ пачынаем прыбіраць усё лішняе і за кошт гэтага скарачаць тэрміны навучання, — расказаў Лукашэнка. — Навошта медыку (я ўтрырую) вывучаць гісторыю партыі? Але на першым курсе, каб быць адукаваным, ён павінен на курсе замацаваць пасля школы. А ў нас? Трэба, не трэба, два-тры гады чытаюць курс. Дзеля чаго? Каб у залікоўку залік паставіць або нейкі экзамен [здаць]".

Ён таксама прывёў прыклад, калі эканамісты вывучаюць вышэйшую матэматыку: "Навошта ў такім аб`ёме яе выкладаем, калі яна потым у такім аб`ёме і выглядзе не патрэбная будзе? Акуніцеся ў гэты працэс, а я вельмі ў яго моцна пагружаны, і ўбачыце, колькі там яшчэ трэба перашуфляваць і перавярнуць. Колькі ў нас яшчэ дурноцця непатрэбнага! Гэта такі пласт, што ніякая сельская гаспадарка і прамысловасць побач не стаялі".

Як лічыць Лукашэнка, трэба рыхтаваць і выкладчыкаў, каб яны валодалі ведамі пра сучасныя тэхналогіі, навучаць іх, каб "перапісваць іх жоўтыя канспекты".

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў сваё меркаванне з нагоды ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс. "Крый вас бог! Мы за вамі (за Расіяй. — БелаПАН.) пабеглі, але своечасова спыніліся, за нейкім Балонскім працэсам... Дабяжымся да таго, што страцім адукацыю, каб дагадзіць Захаду. Яны прыязджаюць да нас і зайздросцяць: у нас добрая адукацыя. А мы рвемся ў Балонскі працэс. Некаторыя нас папярэджваюць: не рабіце гэтага. Тыя добрыя людзі, якія непалітызаваныя, не палітыкі. А мы ўжо там. Мы за вамі туды ўступілі — гэтая магістратура, бакалаўрыят. Мы іх прыстасавалі да нашай адукацыі, не сталі ламаць адукацыю. Дзякуй богу, калі зразумелі, што не туды пабеглі, спыніліся", — сказаў Лукашэнка.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН