Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2016/11/17/875041_123456/
Дата раздрукоўкі: 15.12.2017 22:48
17.11.2016 16:48 Грамадства, Эканоміка

Лукашэнка даручыў найбліжэйшымі днямі вывучыць пытанне аб прамых авіязносінах паміж Мінскам і Новасібірскам

Мінск, 17 лістапада. Аляксандр Лукашэнка даручыў сваім памочнікам на працягу некалькіх найбліжэйшых дзён разабрацца ў прычынах таго, чаму да гэтага часу не наладжаны прамыя авіязносіны паміж Мінскам і Новасібірскам. Даручэнне было дадзена 17 лістапада ў час прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў і блогераў, калі кіраўнік дзяржавы адказваў на адпаведнае пытанне дырэктара новасібірскага выдавецкага дома "Советская Сибирь" Наталлі Шрэйтэр.

Паводле слоў Шрэйтэр, губернатар Новасібірскай вобласці Уладзімір Гарадзецкі каля месяца таму заявіў, што праблема авіязносін, якія напрамую злучаць Новасібірск і Мінск, павінна быць вырашана ў 2017 годзе. "Нам здаецца, што прамыя зносіны з Беларуссю для нас было б не лішнім, таму што мы вельмі далёка. Мы б маглі скарыстацца і вашай цудоўнай сістэмай адпачынку, і выкарыстоўваць гэты рэйс як транзітны далей у Еўропу", — адзначыла яна.

Лукашэнка паабяцаў звярнуць увагу беларускіх спецыялістаў на гэтае пытанне. "Хутчэй за ўсё [адсутнасць прамога рэйса] звязана з эканомікай, — выказаў меркаванне прэзідэнт. — Акрамя таго, вы не думайце, што вось мы захацелі ў Новасібірск — і паляцелі. Там жа ў вас усе прыватныя кампаніі, у іх свой інтарэс. Падумаюць, маўляў, вось беларусы прыедуць, забяруць пасажырапаток і грузапаток. Але галоўнае — эканоміка. Калі дастатковы пасажырапаток і няма перашкоды з вашага боку (з нашага яго быць не можа, чаму мы будзем самі сабе перашкаджаць), калі трэба пайсці на нейкія кампрамісы з расіянамі, то мы гатовыя".
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН