Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2016/11/17/875047_12345/
Дата раздрукоўкі: 15.12.2017 22:47
17.11.2016 17:03 Грамадства

Лукашэнка: Мы самая свабодная краіна ў плане інтэрнэту

Мінск, 17 лістапада. "Мы самая свабодная краіна ў плане інтэрнэту", — заявіў Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў 17 лістапада.

"І калі ў нас спрабавалі праз інтэрнэт здзейсніць "каляровыя" рэвалюцыі і да мяне прыйшлі многія і кажуць, трэба закрыць, трэба перакрыць, я кажу "не", вы давайце на гэтых сайтах, на гэтых старонках і іншым змагайцеся з імі іх жа метадамі. І мы не закрылі, не абмежавалі нікога, а ў сацсетках працавалі як след. Ну мы ж прасунутая рэспубліка ў плане высокіх тэхналогій і інтэрнэту, вельмі прасунутая. мы ж такое праграмнае забеспячэнне робім, няўжо не можам супрацьстаяць гэтаму? Супрацьдзейнічалі", — сказаў беларускі кіраўнік.

"Таму нас ніхто не папракне, што мы кагосьці абмяжоўвалі, — лічыць ён. — Хоць у нас быў адзіны тэракт, калі наш беларус, з Віцебска родам, з інтэрнэту ўсё атрымаў, стварыў там нейкае выбуховае прыстасаванне, у метро аднёс, падарваў для таго, каб, ведаеце, палюбавацца або паказаць сябе. Хапае і такіх. Мы пасля гэтага ўсё роўна інтэрнэт не зачынілі. Працаваць трэба, дзесьці мы недапрацоўваем".

"Я не інтэрнэт-залежны чалавек, калі не сказаць большага. Але аб'ектыўна ацэньваю: інтэрнэт — гэта вялікая выгада, велізарная карысць, але з вялікімі недахопамі... Калі нешта трэба, ты там кнопкі гэтыя ўсе націснуў або твой памочнік табе адразу выдаў інфармацыю, якую раней трэба было ў бібліятэку ехаць, вышукваць, заказваць літаратуру і г.д. і да т.п. Тут гэта імгненна, павуціна прыносіць вялікую карысць", — зазначыў Лукашэнка, які раней называў інтэрнэт "памыйніцай".

"Старэйшыя мае сыны наогул ідэальна валодаюць кампутарам, і для іх няма праблем ні ў зносінах, ні з інтэрнэтам, ні з гэтымі тэхналогіямі, асабліва старэйшы, ён памочнік па нацыянальнай бяспецы, [інтэрнэт] адна з тэмаў, ён яе павінен ведаць, — сказаў афіцыйны лідар. — І ў Адміністрацыі прэзідэнта ў нас ёсць хлопцы, якія добра ведаюць. Ну і Парк высокіх тэхналогій — там не адна тысяча ўжо працуе беларусаў, высокаадукаваных, талковых, якія не проста на ты з інтэрнэтам. Яны перспектыву бачаць у гэтым. Калі мне нешта трэба, яны мне заўсёды дапамогуць".
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН