Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2016/11/17/875060_123456/
Дата раздрукоўкі: 15.12.2017 22:46
17.11.2016 17:14 Грамадства

Лукашэнка расказаў пра хатніх гадаванцаў, сваё стаўленне да палявання, жывёл і іх стэрылізацыі

Мінск, 17 лістапада. Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для расійскіх СМІ 17 лістапада расказаў пра хатніх гадаванцаў, сваё стаўленне да палявання, жывёл і іх стэрылізацыі.

"У мяне вельмі шмат жывёл — тры страусы, індакачкі, 25 гусянят, куры кітайскія, куры звычайныя, індыкі, — сказаў ён. — Трусаў было 70, зараз людзям раздаў. Засталіся толькі якіх стрыгуць, таму што забіваць труса для мяне гэта занадта. Што, есці няма чаго ці што? Гэта не дай Бог, каб дзеці ўбачылі. Я іх раздаў, засталося трусаў 20. 10 кароў, 10 коз, 15 авечак і, напэўна, 7-8 коней, чатыры сабакі — дзве лайкі, лабрадор і нямецкая аўчарка".

Паводле слоў Лукашэнкі, нямецкую аўчарку падарыў былы дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Павел Барадзін, лабрадора — беларускія памежнікі. Хто падарыў лаек, кіраўнік дзяржавы не памятае.

Таксама кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ў яго дома жыве некалькі катоў, у тым ліку падабраных яго малодшым сынам Мікалаем.

"Я люблю жывёл, таму што я вырас сярод жывёл. Іх трэба берагчы. Як ты ставішся да прыроды і да жывёл, так у цябе і жыццё складваецца, — сказаў Лукашэнка. — Я, калі стаў прэзідэнтам, на паляванне не хаджу, хоць заўзяты паляўнічы з дзевяці гадоў. Але я нікога не застрэліў, акрамя аднаго зайца. І калі я застрэліў зайца на паляванні, я зразумеў, што я не паляўнічы, я жывёл забіваць не магу. І я пасля гэтага ніколі не хаджу на паляванне, нават за кампанію".

Кажучы пра выпадкі жорсткага абыходжання з жывёламі ў Беларусі, Лукашэнка адзначыў, што "ў Беларусі людзі найбольш, напэўна, мяккія з ўсёй нашай прасторы". "У нас іншая культура. Але выпадкі розныя бываюць", — сказаў ён, нагадаўшы аб тым, што нядаўна беларускія СМІ пісалі пра некалькі выпадкаў жорсткага абыходжання з жывёламі.

Віцэ-прэм`ер Міхаіл Русы дадаў, што ў Беларусі рыхтуецца больш жорсткае заканадаўства ў сферы абароны жывёл. Акрамя таго, сказаў Русы, нядаўна да 4 гадоў зняволення быў асуджаны мужчына, які адсек галаву шчаняці.

Гаворачы аб стэрылізацыі жывёл, Лукашэнка адзначыў: "Нехта дома сваіх жывёл стэрылізуе, магчыма. Але, па-мойму, гэта не вельмі добра. Гэта неяк па-варварску — пазбаўляць магчымасці мець патомства для жывёл".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН