Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2016/11/17/875072_123456/
Дата раздрукоўкі: 15.12.2017 22:50
17.11.2016 17:24 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Нават 1% насельніцтва Беларусі не падтрымае ідэю ўвайсці ў склад Расіі

Мінск, 17 лістапада. Інтэграцыйныя працэсы паміж Беларуссю і Расіяй тармозяцца штучнымі невырашальнымі пытаннямі, якія падкідваюцца з расійскага боку, заявіў Аляксандр Лукашэнка 17 лістапада падчас прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў і блогераў.

Паводле яго слоў, Беларусі "значна больш выгадна, калі спакойна развіваюцца ўзаемаадносіны ў напрамку самай цеснай дружбы і супрацоўніцтва". "Толькі вы нам не падкідвайце пытанні, якія мы апрыёры прыняць не можам", — дадаў ён.

Адным з такіх пытанняў, адзначыў кіраўнік дзяржавы, з`яўляецца адзіная валюта на тэрыторыі дзвюх краін, прычым у яе ролі выступае расійскі рубель і Цэнтрабанк ў якасці эмітэнта. "А як тады вырашаецца пытанне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі? — задаў пытанне Лукашэнка. — А потым нас папракаюць: "Чаму вы на адзіную валюту не хочаце перайсці?" Ды мы хочам! Мы падпісалі дагавор, што ў нас павінна быць адзіная валюта, адзіны эмісійны цэнтр, дзе мы будзем мець роўныя ўмовы. <...> Тады чаму вылучаюцца такія вось умовы? Каб яны не былі прынятыя".

"Ці вось яшчэ, у вас доўга хадзіла не то ад Жырыноўскага (лідар ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі. — БелаПАН.), не тое ад каго... Вы ж ведаеце, што такое Жырыноўскі: адобрылі — крычыць, не адобрылі — маўчыць. І вось ён прапанаваў шасцю губернямі Беларусі ўвайсці ў склад Расіі. Вы што думаеце, што ў нас 100% насельніцтва гэта падтрымае? Нават 1% насельніцтва не знойдзецца, каб гэта падтрымалі. <...> І наогул, гэта трэба сёння, каб мы падзялілі на кавалкі краіну (няхай яна меншая за Расію, але справа не ў велічыні) і нават не цалкам увайсці Беларусі ў склад Расіі? Гэта навошта? Для таго, каб яшчэ адну праблему на Захадзе разам з Украінай спарадзіць?" — пацікавіўся Лукашэнка.

Беларусь застаецца прыхільнай інтэграцыі з Расіяй, але "разумнай інтэграцыі на прынцыпах раўнапраўя", падкрэсліў ён. Любы саюз можа існаваць толькі тады, калі ён утвораны "празрыста і на класічных прынцыпах, адзін з якіх — раўнапраўная аснова", у адваротным выпадку "не будзе і саюза — ён разваліцца", — перакананы Лукашэнка.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН