Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/01/11/883473_883502_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.03.2017 07:22
11.01.2017 13:22 Эканоміка

Будаўніцтва "Газпром-цэнтра" закансерваванае з 22 снежня

Мінск, 11 студзеня. Будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу "Газпром-цэнтр" у Мінску закансерваванае з 22 снежня 2016 года. Пра гэта паведаміў БелаПАН намеснік старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Мікалай Бутрым.
Паводле яго слоў, дакумент аб кансервацыі аб`екта падпісаў генеральны дырэктар ААТ "Газпром трансгаз Беларусь" Уладзімір Маёраў.

Работы па будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу практычна не вядуцца з канца жніўня. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, асноўнай прычынай прыпынення стала скарачэнне фінансавання праекта з боку ААТ "Газпром" з-за газавай спрэчкі паміж Беларуссю і Расіяй. "Яны (расіяне. — БелаПАН.) спрабавалі нам неафіцыйна намякнуць, што грошы, якія мы павінны плаціць Расіі за газ, гэта і ёсць тыя грошы, за якія будуецца гэты аб`ект. І калі мы перастаем плаціць, то аўтаматам перастае фінансавацца гэтая будоўля", — растлумачыла БелаПАН у снежні інфармаваная крыніца.

Сёння гэтую інфармацыю пацвердзіла іншая кампетэнтная крыніца. Паводле яе слоў, будаўніцтва комплексу будзе адноўленае пасля таго, як Беларусь разлічыцца з Расіяй па даўгах за газ, якія перавышаюць 400 млн долараў. "Грошы могуць з`явіцца, калі будзе вырашаны газавы канфлікт", — сказаў ён.

Іншшай прычынай кансервацыі будаўніцтва "Газпром-цэнтра" называліся тэхнічныя праблемы.

Бутрым гэта пацвердзіў. "Аб`ект падзяляецца на дзевяць пускавых комплексаў, адзін з пускавых комплексаў — вышынная частка. Вось па вышыннай частцы вядуцца новыя разлікі", — паведаміў намеснік кіраўніка камітэта будаўніцтва і інвестыцый гарвыканкама. З-за таго што будынак вельмі высокі (189 метраў), з часам ён будзе прасядаць, таму зараз разглядаюцца варыянты ўмацавання падмурка альбо зніжэння вышыннасці будынка, растлумачыў Бутрым.

Кампанія "Газпром трансгаз Беларусь" сітуацыю не каментуе.

Шматфункцыянальны комплекс "Газпром-цэнтр" узводзіцца на скрыжаванні вуліцы Філімонава і праспекта Незалежнасці на плошчы 8,27 га, дзе раней размяшчаўся аўтавакзал "Маскоўскі". Знос аўтавакзала ў сувязі з будаўніцтвам новага аб`екта выклікаў незадаволенасць у шматлікіх мінчукоў.

Будаўніцтва "Газпром-цэнтра" пачалося ў жніўні 2015 года. На афіцыйнай цырымоніі з гэтай нагоды старшыня праўлення "Газпрома" Аляксей Мілер заявіў: "Шматфункцыянальны комплекс, які мы сёння пачнем будаваць, — гэта сучасны праект, ён будзе рэалізаваны па самых сучасных тэхналогіях і патрабаваннях. Мы ўпэўненыя, што гэты праект стане яшчэ адной новай, яркай візітнай карткай Мінска".

Плануецца, што комплекс будзе ўключаць офісы расійскага "Газпрома", гасцініцу, паркінг, фізкультурна-аздараўленчы комплекс і медыцынскі цэнтр. Акрамя таго, на тэрыторыі аб`екта плануецца размясціць дзіцячы цэнтр развіцця і спадарожныя аб`екты гандлю і паслуг. Будынак вышынёй 189 метраў кіраўнік "Газпрома" назваў "цэнтрам кампазіцыі".

Першапачаткова заяўлялася, што будаўніцтва будзе завершанае ў 2018 годзе. Арыенціровачны памер інвестыцый — 900 млн долараў.
Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН