Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/01/11/883491_114477/
Дата раздрукоўкі: 24.11.2017 21:33
11.01.2017 14:24 Спорт, Эканоміка

Экіпаж "МАЗа" падняўся на сёмае месца ў агульным заліку "Дакара-2017"

Мінск, 11 студзеня. Адразу два беларускія экіпажы завяршылі восьмы этап ралі-рэйду "Дакар-2017" у першай дзясятцы, а "МАЗ" Аляксандра Васілеўскага падняўся на сёмае месца ў агульным заліку. Пра гэта паведамілі ў кампаніі velcom, якая выступіла тэхнічным партнёрам каманды "МАЗ-СПОРТаўта".

Восьмы ралі-заезд ўяўляў сабой двайное выпрабаванне для гоншчыкаў — услед за горнымі адрэзкамі ім давялося перасячы рэчышчы ракі і ўчастак з дзюнамі. Складанасць уяўляла і залітая вадой траса ў выніку ліўняў. Разам з тым арганізатары вырашылі не рызыкаваць жыццём гоншчыкаў і зноў скарацілі спецучастак амаль удвая.

Экіпаж пад кіраваннем Сяргея Вязовіча фінішаваў шостым, патраціўшы на спецучастку дзве з лішкам гадзіны. Найлепшы час паказаў галандзец Марцін ван дэн Брынк на Renault, які апярэдзіў беларусаў прыкладна на 6 хвілін. За ім размясціўся аргенцінскі гоншчык Федэрыка Вілагра, які выступае на грузавіку Iveco, следам ідуць камазаўцы Эдуард Нікалаеў і Дзмітрый Сотнікаў. Пры гэтым два іншыя расійскія экіпажы — Айрата Мардзеева і Антона Шыбалава — сутыкнуліся з праблемамі на трасе і адсталі ад пераможцы заезду прыкладна на дзве гадзіны.

У агульным заліку Сяргей Вязовіч знаходзіцца на 16-м месца. Лідар гонкі зноў змяніўся — ім стаў Дзмітрый Сотнікаў, які выйграе ў лідара беларускай каманды 3 гадзіны 26 хвілін. Другое месца займае Эдуард Нікалаеў, трэцяе — галандзец Жэрар дэ Рой.

Удалым быў восьмы этап і для Аляксандра Васілеўскага, які, нягледзячы на пракол кола, закончыў яго на 10-м радку. Яго час — 2 гадзіны 4 хвіліны, а адставанне ад пераможцы заезду — 9 хвілін. У генеральнай класіфікацыі беларускі экіпаж перамясціўся на сёмае месца і зараз прайграе лідару гонкі 1 гадзіну 42 хвіліны.

Для Аляксея Вішнеўскага ралі-заезд прайшоў менш паспяхова: з-за праблем з паліўнай сістэмай ён праехаў спецучастак за 2 гадзіны 55 хвілін — на гадзіну даўжэй, чым пераможца заезду. У турнірнай табліцы экіпаж застаецца на 20-м месцы, адстаючы ад расійскага гоншчыка на 5 гадзін 42 хвіліны.

"Мы задаволеныя вынікамі: Аляксандр Васілеўскі упэўнена ўвайшоў у першую дзясятку, і цяпер наша задача — захаваць і па магчымасці палепшыць яго пазіцыю. На жаль, арганізатары адмяняюць этапы і скарачаюць спецучасткі. З аднаго боку, гэта пытанні бяспекі, якія вышэй за ўсё, з іншага — усе рыхтаваліся да сур'ёзных выпрабаванняў і спартанскіх умоў. Калі з'явіцца магчымасць, мы будзе ўсімі сіламі скарачаць адставанне ад лідараў", — падкрэсліў кіраўнік каманды "МАЗ-СПОРТаўта" Сяргей Вязовіч.

Дзявяты этап, які павінен быў прайсці паміж аргенцінскімі гарадамі Сальта і Чылесіта, адменены з меркаванняў бяспекі. Праліўныя дажджы прывялі да сур'ёзных апоўзняў, якія ўжо перашкодзілі камандам дабрацца да бівуакаў у Сальце. На дарогу, што вядзе ў горад, абвалілася горная парода, у выніку чаго арганізатарам давялося шукаць аб'язныя шляхі.

Ралі-рэйд праходзіць з 2 па 14 студзеня па тэрыторыях трох краін — Аргенціны, Балівіі і Парагвая. Працягласць маршруту складае прыблізна 9 тыс. км. У класе грузавікоў у ралі бяруць удзел 50 экіпажаў. Асноўнымі канкурэнтамі беларусаў выступаюць КАМАЗ, Iveco, MAN, Renault і Tatra.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН