Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/01/11/883506_12345/
Дата раздрукоўкі: 01.05.2017 07:21
11.01.2017 14:41 Палітыка

Прадстаўнік Беларусі пры ААН: Савет бяспекі прыносіць мала карысці для міру ў якасці палітычнага тэатра

Мінск, 11 студзеня. Савет бяспекі ААН прыносіць мала карысці для міру ў якасці палітычнага тэатра. Пра гэта, як паведамляе прэс-служба МЗС, заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Андрэй Дапкюнас, выступаючы 10 студзеня ў адкрытай дыскусіі Савета бяспекі ААН "Прадухіленне канфліктаў і захаванне міру".

Паводле слоў Дапкюнаса, свету вельмі неабходны Савет бяспекі, які вызначаецца "не столькі рухам шасцерняў яго палітычнага механізму, колькі шчырым узаемадзеяннем чалавечых істот, якія робяць высакародную спробу пабудовы дыялогу паміж партнёрамі для лепшага ўзаемаразумення", адзначаецца ў паведамленні.

Беларускі дыпламат таксама адзначыў, што паступовае разбурэнне ў апошнія дзесяцігоддзі сусветнага парадку, заснаванага на правілах і прынцыпах, істотна павялічыла рызыку глабальнага ядзернага канфлікту паміж галоўнымі сусветнымі дзяржавамі — наўмысна, з-за памылкі або з-за трагічнага збегу абставінаў.

У гэтых умовах і пры адсутнасці дамоўленасці паміж вядучымі ядзернымі дзяржавамі аб іх агульнай першаснай адказнасці за прадухіленне глабальнай вайны і ўстанаўленне калектыўнай сістэмы падтрымання міру ўсе спробы міжнароднай супольнасці, у тым ліку ў межах ААН, знайсці трывалае рашэнне неглабальных канфліктаў будуць марнымі, заявіў Дапкюнас.

Ён падкрэсліў, што свет павінен усвядоміць сапраўдную ступень уразлівасці навакольнага асяроддзя — фізічнага, сацыяльнага, культурнага і палітычнага — і спыніць праверку на трываласць яго ўстойлівасці.

Дапкюнас падняў пытанне пра асаблівую адказнасць найбольш магутных у ваенных адносінах дзяржаў свету за лідарскія ўчынкі па стварэнні і ахове калектыўнай прававой сістэмы падтрымання міру.

Дапкюнас таксама выказаў меркаванне, што паказчыкам рэальнага поспеху ў рабоце Савета бяспекі з'яўляецца не колькасць праведзеных пасяджэнняў і прынятых рэзалюцый, а здольнасць кожнага члена савета спрыяць стварэнню ўнутры аднаго з галоўных органаў сістэмы ААН "атмасферы большай маральнай запатрабаванасці пастаяннага дыялогу паміж сусветнымі звышдзяржавамі і іх здольнасці да ўзаемнага суперажывання".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН