Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/01/11/883562_225589/
Дата раздрукоўкі: 24.11.2017 21:34
11.01.2017 16:43 Палітыка

МЗС растлумачыла замежным дыпламатам дэталі ўказа аб бязвізавым уездзе ў Беларусь

Мінск, 11 студзеня. Міністэрства замежных спраў растлумачыла замежным дыпламатам дэталі ўказа аб бязвізавым уездзе ў Беларусь.

Як паведамляе прэс-служба МЗС, сустрэча з кіраўніцтвам і прадстаўнікамі акрэдытаваных у Мінску дыпламатаў краін — членаў ЕС, ЗША, Японіі, Паўднёвай Карэі, Нарвегіі і Ватыкана адбылася 11 студзеня. З беларускага боку на ёй прысутнічалі начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Ігар Фісенка, кіраўнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва Андрэй Бушыла і начальнік упраўлення еўразійскай інтэграцыі Аляксей Самасуеў. Замежныя дыпламаты былі падрабязна праінфармаваныя пра змест і дэталі ўказа прэзідэнта Беларусі "Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян".

"Пры прыняцці адпаведнага рашэння Беларусь ўлічвала сваё старшынства ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве і правядзенне сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў ліпені 2017 года. Падкрэсленая зацікаўленасць Беларусі ў актывізацыі супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і іншых сферах з названымі краінамі. Асобна на сустрэчы абмеркаваная рэгіянальная сітуацыя", — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.

Указ прэзідэнта № 8 "Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян" быў падпісаны 9 студзеня. Ён усталёўвае бязвізавы парадак уезду ў Беларусь на тэрмін не большы за пяць сутак цераз нацыянальны аэрапорт Мінск. Указ распаўсюджваецца на 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўрасаюз, а таксама Бразілію, Інданезію, ЗША, Японію і некаторыя іншыя дзяржавы (усяго 80 краін).

МЗС не выключае магчымасці пашырэння пераліку краін, грамадзяне якіх змогуць ўязджаць у Беларусь без візы на пяць дзён. "У першую чаргу мы будзем адказваць ўзаемнасцю на падобныя меры з боку іншых дзяржаў, а таксама з улікам таго, што міжнародныя адносіны развіваюцца і нашы двухбаковыя адносіны з замежнымі дзяржавамі развіваюцца, з`яўляюцца новыя партнёры, натуральна, яны могуць ўключацца ў пералік па меры развіцця адносін", — заявіў 10 студзеня начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Ігар Фісенка.

Указ набывае моц 12 лютага.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН