Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/01/11/883570_405069/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2017 03:08
11.01.2017 17:20 Палітыка, Грамадства

Святлана Алексіевіч выйшла з Рускага ПЭН-цэнтра, абвінаваціўшы кіраўніцтва арганізацыі ў баязлівасці

Мінск, 11 студзеня. Нобелеўскі лаўрэат па літаратуры 2015 года беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч пакінула Рускі ПЭН-цэнтр, абвінаваціўшы кіраўніцтва арганізацыі ў баязлівасці перад расійскімі ўладамі.
У каментары БелаПАН Алексіевіч растлумачыла, што прыняла такое рашэнне пасля таго, як стала вядома аб выключэнні з гэтай арганізацыі расійскага пісьменніка і журналіста Сяргея Пархоменкі. Выканаўчы камітэт Рускага ПЭН-цэнтра палічыў, што Пархоменка вёў "правакацыйную дзейнасць, несумяшчальную з мэтамі і задачамі" арганізацыі.

"Рускія пісьменнікі, па-мойму, так баяліся, як яны баяцца сёння, такія баязлівыя былі толькі ў часы Сталіна, — заявіла Алексіевіч. — Зараз яны таксама гатовыя аблізваць боты ўладзе. Гэта, вядома, баязлівасць. Я лічу, што ідэя ПЕН-цэнтра была ў тым, каб менавіта служыць дабру. Пісьменнікі павінны не толькі пісаць, але і служыць дабру, дапамагаць".

Сяргей Пархоменка быў у ліку 60 членаў ПЭН-цэнтра, якія 24 снежня мінулага года звярнуліся з адкрытай заявай да Уладзіміра Пуціна. Яны папрасілі прэзідэнта Расіі памілаваць ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, асуджанага на 20-гадовы тэрмін паводле абвінавачання ў экстрэмізме.

Практычна адразу пасля гэтага прэс-служба пісьменніцкай арганізацыі апублікавала паведамленне, у якім падкрэсліла, што кіраўніцтва ПЭН-цэнтра да гэтай заявы не мае ніякага дачынення. Праз некаторы час выканкам арганізацыі выпусціў афіцыйную заяву адносна Сянцова, у якой выказаў занепакоенасць лёсам украінскага рэжысёра і папрасіў Пуціна садзейнічаць змякчэнню ўмоў яго ўтрымання, але адмовіўся патрабаваць яго вызвалення.

На сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" Пархоменка раскрытыкаваў гэтае паведамленне, расцаніўшы яго як спробу кіраўнікоў ПЭН-цэнтра адхрысціцца ад звароту прыхільнікаў ідэі памілавання Сянцова, каб не трапіць у няміласць. Гэты пост у сацыяльнай сетцы апублікавалі шматлікія расійскія СМІ, у тым ліку сайт радыё "Эхо Москвы".

На пасяджэнні 28 снежня члены выканкама Рускага ПЭН-цэнтра аднагалосна вырашылі выключыць Пархоменку са складу арганізацыі "за адступленне ад непарушных прынцыпаў, змешчаных у хартыі Міжнароднага ПЭН-клуба, сістэматычнае невыкананне патрабаванняў статута, за правакацыйную дзейнасць, несумяшчальную з мэтамі і задачамі Рускага ПЭН-цэнтра, і выказванні, што закранюць гонар і годнасць асобы".

Пратакол гэтага пасяджэння разам з адмысловым дадаткам адносна Пархоменкі на сайце ПЭН-цэнтра з'явіўся толькі 10 студзеня. Неўзабаве пасля яго апублікавання аб выхадзе са складу арганізацыі заявілі паэт Леў Рубінштэйн, празаік Барыс Акунін, пісьменнік Аляксандр Ілічэўскі, а таксама Святлана Алексіевіч.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН