Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/03/18/894046_123456/
Дата раздрукоўкі: 20.10.2017 22:38
18.03.2017 07:27 Палітыка

ЕС запатрабаваў ад беларускіх улад неадкладнага вызвалення дэманстрантаў і журналістаў

Мінск, 18 сакавіка. Неадкладнага вызвалення ўдзельнікаў акцый пратэсту і журналістаў запатрабаваў ад беларускіх улад Еўрапейскі саюз.
"Апошнія падзеі ў Беларусі сведчаць аб відавочнай неабходнасці больш шырокага працэсу дэмакратызацыі ў краіне, — гаворыцца ў апублікаванай вечарам 17 сакавіка заяве афіцыйнага прадстаўніка Еўрапейскай службы знешніх сувязяў. — Неабходна забяспечыць свабоду асацыяцый і сходаў".

ЕС "з'яўляецца прыхільнікам стабільнай, дэмакратычнай і працвітаючай будучыні Беларусі на карысць яе народа і прадоўжыць працу над гэтым з усімі зацікаўленымі бакамі".

"Крокі, зробленыя Беларуссю для захавання ўніверсальных фундаментальных свабод, вяршэнства закона і правоў чалавека, застануцца ключом да фарміравання адносін Еўрапейскага саюза з гэтай краінай", — падкрэсліваецца ў заяве.

З сярэдзіны лютага ў Беларусі праходзяць акцыі пратэсту супраць дэкрэта прэзідэнта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", названага ў народзе дэкрэтам "аб дармаедах", і зніжэння ўзроўню жыцця ў цэлым.

Паводле апошніх даных праваабаронцаў, больш за 200  чалавек аштрафаваныя і пакараныя адміністрацыйным арыштам. Пераслед арганізатараў і ўдзельнікаў акцый пратэсту пачаўся пасля таго, як 9 сакавіка на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча навесці ў краіне "ідэальны парадак". "Нам трэба, як разынкі з булкі, павыкалупваць гэтых правакатараў, і адказваць яны павінны па ўсёй строгасці закона", — сказаў беларускі кіраўнік.

Сярод тых, каго пераследуюць, 25 журналістаў, паведаміла 17 сакавіка Беларуская асацыяцыя журналістаў. Два чалавекі са спісу БАЖ пакараныя адміністрацыйным арыштам, чатыры — аштрафаваныя, адзін — вызвалены ад адказнасці, яшчэ ў аднаго праведзены ператрус. 14 журналістаў вызвалена пасля затрымання без складання пратаколаў, трое чакаюць разгляду іх адміністрацыйных спраў.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН