Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/03/20/894249_258963/
Дата раздрукоўкі: 24.06.2017 01:24
20.03.2017 14:35 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Нас хвалююць спробы нагнятання становішча ўнутры Беларусі

Мінск, 20 сакавіка. Аляксандр Лукашэнка занепакоены становішчам унутры краіны больш, чым знешнімі пагрозамі. Пра гэта ён заявіў 20 сакавіка падчас дакладу задумы сумесных стратэгічных вучэнняў узброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017", перадае прэс-служба прэзідэнта.
Як паведамлялася раней, тэмай вучэнняў, што пройдуць у верасні на палігонах Беларусі і Расіі, заяўленыя падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў у інтарэсах арганізацыі ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы. Некаторыя еўрапейскія палітыкі асцерагаюцца, што вайсковыя вучэнні, якія маюць адбыцца, дэманструюць падрыхтоўку Расіі і Беларусі да вайны з Захадам. Такі пункт гледжання выказала, у прыватнасці, прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ ў Рызе 9 лютага.

"Апошнія падзеі насцярожваюць нас і дазваляюць казаць пра тое, што самазаспакойвацца ні ў якім разе нельга, — заявіў сёння Лукашэнка. — Я не скажу, што ў нас занадта шмат праблем у гэтай частцы — нейкага супрацьстаяння нашай беларуска-расійскай групоўкі і падраздзялення Паўночнаатлантычнага блока, які, натуральна, сёння ажывіўся, умацоўваецца, узмацняецца, размяшчае дадатковыя кантынгенты войскаў ля нашых межаў. Нас гэта, шчыра кажучы, хвалюе менш".

"Нас больш хвалююць спробы сучаснымі метадамі проціборства, супрацьстаяння нагнятаць становішча ўнутры Беларусі і весці супраць яе адпаведныя дзеянні, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Маецца на ўвазе спроба нашай "пятай калоны" пры падтрымцы (зноў жа, мы гэта фіксуем, я тут нікога абсалютна не запалохваю), фінансаванні заходніх фондаў і кіраванні заходнімі спецслужбамі нашых адмарозкаў, якія збеглі за мяжу, — спроба нагнятаць сітуацыю ў Беларусі". "Мы з гэтым справімся. Гэта не праблема", — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён указаў на факты супрацьпраўных дзеянняў, якія спыняюцца на дзяржаўнай мяжы, у тым ліку спробы правозу зброі і іншых небяспечных прадметаў і матэрыялаў. "І сённяшняе задрэнне на дзяржаўнай мяжы, у гэтым выпадку беларуска-ўкраінскай, калі давялося выкарыстоўваць зброю. І на заходнім напрамку выяўленыя былі нядобрыя дзеянні, звязаныя з гранатамі, начыненымі нейкім парашком (зараз праводзяцца даследаванні)", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама згадаў інцыдэнт, звязаны з выяўленнем радыеактыўных рэчываў на борце самалёта, які рухаўся транзітам цераз Беларусь з Арменіі ў адну з еўрапейскіх краін. "Папрашу паводле вынікаў расследавання ўсіх гэтых інцыдэнтаў, якія сёння адбыліся на дзяржаўнай мяжы, мяне праінфармаваць. Гэта ўсё сведчыць пра тое, што расслабляцца нам ніяк не прыстала. Мы павінны трымаць вуха востра і ні ў якім разе не даць падставы дэстабілізаваць сітуацыю ў нашай краіне", — падкрэсліў ён.

Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, мінулай ноччу людзі са зброяй спрабавалі прарвацца на джыпе цераз дзяржаўную мяжу Беларусі з Украіны ў пункце пропуску "Аляксандраўка". Затрыманыя двое, іх асоба высвятляецца. У аўтамабілі мог знаходзіцца яшчэ адзін невядомы, якога зараз шукаюць. Як паведаміў камітэт, у машыне знойдзеныя пісталет ТТ і два падрыхтаваныя магазіны, а таксама "прадмет, знешне падобны на тратыл і электрадэтанатары".

З пачатку сакавіка ў Беларусі, паводле звестак праваабаронцаў, было затрымана 240 чалавек, у тым ліку журналісты. Большасць з іх затрыманыя за ўдзел у акцыях пратэсту супраць дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", якія перыядычна праходзяць у розных гарадах краіны з 17 лютага. Большасць затрыманых пакараныя адміністрацыйным арыштам.

25 сакавіка прадстаўнікі апазіцыі рыхтуюцца правесці вулічную акцыю ў гонар Дня Волі — гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН