Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/03/20/894276_12345/
Дата раздрукоўкі: 01.05.2017 07:19
20.03.2017 16:30 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка даў згоду на прызначэнне намеснікаў старшыні Мінгарвыканкама

Мінск, 20 сакавіка. Аляксандр Лукашэнка 20 сакавіка даў згоду на прызначэнне намеснікаў старшыні Мінскага гарвыканкама, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Першым намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама стаў Фёдар Рымашэўскі, які да гэтага займаў пасаду генеральнага дырэктара дзяржаўнага вытворчага аб'яднання "Мінскбуд".

Намеснікамі старшыні Мінскага гарвыканкама са згоды Лукашэнкі прызначаныя Аляксандр Крэпак і Ігар Юркевіч. Раней яны ўзначальвалі адпаведна адміністрацыю Маскоўскага раёна сталіцы і камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама.

Таксама Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Андрэя Жайловіча кіраўніком адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска.

На сустрэчы са зноўпрызначанымі чыноўнікамі Лукашэнка заявіў, што "сёння горад функцыянуе як след, аднак узровень развіцця сталіцы мог бы быць на парадак вышэйшы". Для гэтага ён даручыў вырашыць тры галоўныя задачы: урэгуляваць цэнавую палітыку, забяспечыць рост заработнай платы і вырашыць праблему занятасці насельніцтва.

"Ніякага беспрацоўя быць не павінна. Тым больш што, пачынаючы з вясны, працы ў Мінску хоць адбаўляй. Сёння трэба задзейнічаць усіх, хто ходзіць без працы. Усіх, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Тым, хто хоча ўладкавацца на працу і можа працаваць, трэба дапамагчы. Хто не хоча (такіх усё-такі няшмат), трэба прымусіць працаваць. Таму зрабіце ўсё, каб па максімуме заняць людзей".

Што тычыцца ўзроўню зарплаты, то, на думку Лукашэнкі, "казаць пра сярэднюю зарплату ў Мінску ў 500 долараў проста смешна. У сталіцы яна павінна быць значна вышэй, чым у рэгіёнах. Тады гэта падцягне і сярэдні заробак па краіне".

"Зразумела, што рашэнне гэтых задач пацягне за сабой і вырашэнне іншых. Дапусцім, якое павышэнне заработнай платы без павышэння прадукцыйнасці працы? Таму павышэнне зарплаты — гэта павышэнне прадукцыйнасці працы. У рэшце рэшт, гэта (гледзячы дзе і як) павышэнне аб'ёмаў вытворчасці. А каб мець грошы, гэта трэба прадаць. Гэта цэлы ланцужок. Але мы павінны вырашыць гэтую задачу. І многае ў краіне будзе залежаць ад таго, як жыве і працуе Мінск. Таму бярыце стырно кіравання ў свае рукі і пачынайце дзейнічаць, — паставіў задачу Лукашэнка. — Бяздзейнасць я не пацярплю. Я вам кажу шчыра: ці вы пачынаеце дзейнічаць і даяце вынік, выконваеце даручэнні прэзідэнта, ці я буду прымаць рашэнні, прытым самыя сур'ёзныя".

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Мінск павінен стаць прыкладам для ўсёй краіны. "Трэба пераадолець гэты бар'ер, які склаўся. Трэба якасць жыцця людзей палепшыць. Зрабіце, калі ласка, гэта. Я большага ад вас не патрабую. Вырашыце пакуль тры гэтыя задачы, пра якія я сказаў: заробак, занятасць людзей і цэны. Гэта цяпер больш за ўсё хвалюе людзей. Усе астатнія задачы мы вырашым. Іх проста не будзе, іншых задач. Ніхто па вулiцах не будзе шастаць, ніхто на рэвалюцыю клікаць не будзе, ніхто не будзе клікаць на нейкую бойню, каб кроў цякла. Ніхто — калі мы вырашым гэтыя задачы. Гэта натуральныя задачы, якія любая ўлада павінна вырашыць. Тым больш у нас, у сацыяльнай дзяржаве. Мы павінны выстаяць і даказаць усім, што мадэль сацыяльнай дзяржавы — гэта аптымальная мадэль для бяспечнага і нармальна развіваецца дзяржавы", — сказаў беларускі афіцыйны лідар.

Пры гэтым, заўважыў Лукашэнка, "не варта ламаць існуючую сістэму, заяўляючы пра неабходнасць яе рэфармавання". "Трэба ўдасканальваць тое, што ёсць. У нас такая тэндэнцыя: ударым рэформамі па праблемах. Дурней не прыдумаеш. Сёння людзі хочуць вырашэння іх жыццёвых патрэбаў. Там, дзе трэба нешта рэфармаваць, давайце рэфармуем. Там, дзе трэба нешта ўдасканаліць, давайце ўдасканалім. Але лозунг "давайце рэформы" — чытай "усё паломім да асновы і пабудуем новае". Па-першае, не час ламаць. Па-другое, каб зламаць і зноў пабудаваць, колькі трэба гадоў? Нават вы да гэтага не дажывяце. І гэта не наш шлях. Мы павінны вырастаць з таго, што ёсць. Мы павінны ўдасканальваць тое, што ёсць, — перакананы Лукашэнка. — Што не трэба — адамрэ само або мы ад яго пазбавімся. Але агулам ісці, як бульдозер, па краіне, нешта рэфармуючы... Тыя рэформы, якія нам прапануюць, гэта відавочна не тое, што нам трэба. Гэта абсалютна не па-людску, гэта не нашы рэформы. Таму давайце будзем вырашаць так, як мы ўмеем, гэтыя жыццёва важныя задачы, якія самі па сабе ўсталі перад намі".

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў чыноўнікам не зацягваць з прыняццем рашэнняў: "Рашэнні не прымаюцца, адфутбольваюцца людзі, якія прыходзяць з нейкімі прапановамі. Добра, розныя бываюць прапановы. Але чалавек жа прыходзіць з душой. Шмат людзей прыносяць правільныя прапановы, а рашэння няма. Хіба гэта парадак?"

"Мінск з кожным месяцам павінен выглядаць інакш: лепш, лепш і лепш. Каб паказаць прыклад ўсёй краіне", — рэзюмаваў Лукашэнка.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН