Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/03/20/894309_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.06.2017 01:28
20.03.2017 17:04 Эканоміка, Фінансы

Новым кіраўніком ААТ "ААБ "Беларусбанк" стаў Віктар Ананіч

Мінск, 20 сакавіка. Новым кіраўніком найбуйнейшага беларускага камерцыйнага дзяржбанка ААТ "ААБ "Беларусбанк" стаў Віктар Ананіч.

"17 сакавіка 2017 года на пазачарговым пасяджэнні назіральнага савета прынятае рашэнне аб прызначэнні з 23 сакавіка Ананіча Віктара Міхайлавіча на пасаду старшыні праўлення ААТ "ААБ "Беларусбанк", — паведаміла 20 сакавіка прэс-служба банка.

З восені 2011 года і да цяперашняга часу Віктар Ананіч з`яўляўся начальнікам Магілёўскага абласнога ўпраўлення "Беларусбанка", а да гэтага пяць гадоў працаваў дырэктарам яго Бабруйскага філіяла.

Ранейшы кіраўнік банка Сяргей Пісарык вызвалены ад пасады старшыні праўлення 19 снежня 2016 года "па пагадненні бакоў". Неафіцыйна паведамлялася, што звальненне адбылося "па загадзе зверху".

"Беларусбанк" — найбуйнейшы банк Беларусі, падкантрольны дзяржаве, доля яго актываў у сукупных актывах усёй банкаўскай сістэмы складае каля 42%. У мінулым годзе ўлады прынялі рашэнне прадаць пакет у памеры да 25% акцый банка інвестару. Для каардынацыі работы па рэалізацыі мінарытарнага пакета акцый ва ўрадзе створана рабочая група. Сярод іншага ёй неабходна ўзгадніць папярэднюю ацэнку кошту акцый, а таксама да 1 лістапада 2017 года ўнесці ва ўрад прапановы аб выбары пакупніка.

У ліку пакупнікоў, якія праявілі цікавасць да мінарытарнага пакета "Беларусбанка", — вядомы венгерскі банк.

У 2016 годзе "Беларусбанк" захаваў лідзіруючыя пазіцыі на рынку і зарабіў рэкордны прыбытак у 155 млн рублёў, перавысіўшы запланаваны больш чым на 50%.

Выступаючы ў лістападзе мінулага года перад расійскімі СМІ, Аляксандр Лукашэнка паабяцаў навесці жалезны парадак у банкаўскай сферы. "У краіне крызіс, усюды крызіс, Расія абвалілася. Паглядзелі, як жывуць банкіры, — нядрэнна жывуць, лепш, чым у мінулыя гады, у тым ліку па зарплаце, крэдыты самі сабе выдаюць, дзеляць і іншае. Найбліжэйшым часам мы навядзем там жалезны парадак", — заявіў ён.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН