Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/04/21/900021_123456/
Дата раздрукоўкі: 24.06.2017 01:32
21.04.2017 15:07 Грамадства

Лукашэнка: Беларуская армія здольная астудзіць гарачыя галовы

Мінск, 21 красавіка. Беларуская армія здольная астудзіць гарачыя галовы, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 21 красавіка са штогадовым пасланнем беларускаму народу і парламенту.

"Робячы стаўку на дыпламатыю, мы тым не менш не можам выключыць любога павароту падзей. Абвастрэнне міжнароднага становішча вылучае на першы план пытанні знешняй і ўнутранай бяспекі нашай міралюбівай дзяржавы. Найбольш важкім аргументам, здольным астудзіць гарачыя галовы, з'яўляецца беларуская армія", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Яна, паводле слоў Лукашэнкі "мабільная, добра навучаная і ўзброеная сучаснымі сродкамі вядзення бою". "Народ Беларусі можа быць упэўнены, што мірнае жыццё ў нашай дзяржаве, яго тэрытарыяльная цэласнасць надзейна абаронена", — падкрэсліў ён.

Лукашэнка адзначыў, што павысіць свой абаронны патэнцыял Беларусь змагла шмат у чым сваімі сіламі. "Абноўленыя сродкі сувязі, навігацыі, парк вучэбна-баявых самалётаў. У краіне створана новая ваенна-прамысловая галіна — ракетабудаванне, якое развіваецца вельмі бурна", — заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ў 2016 годзе паспяхова прайшла выпрабаванне і пастаўлена ў войскі айчынная ракетная сістэма залпавага агню "Паланэз", якая з'яўляецца эфектыўнай зброяй стрымлівання. Таксама за апошнія некалькі гадоў былі ўведзены ў строй такія ўзоры ваеннай тэхнікі беларускай вытворчасці, якая знаходзіцца на самым высокім сусветным узроўні, як баявая машына разведкі "Сталкер", найноўшая мадыфікацыя супрацьтанкавага комплексу "Шэршань", транспартная гусенічная машына "Моск" і многае іншае.

У 2017 годзе, лічыць Лукашэнка, варта пашырыць практыку прыцягнення пазабюджэтных крыніц фінансавання, у тым ліку сродкаў прыватнага бізнесу, для стварэння прадукцыі ваеннага прызначэння. "Гэта дазволіць нам разлічваць на сур'ёзнае павелічэнне экспарту падобнай прадукцыі і ўдзельнічаць у міжнароднай кааперацыі", — заявіў ён.

На думку Лукашэнкі, сёння асартымент абароннага сектара Беларусі "адзін з самых шырокіх ў Еўропе — ад сістэм паражэння да сродкаў разведкі і радыёэлектроннай барацьбы". "Аднак якой бы дасканалай ні была сучасная зброя, для арміі асабліва важныя добра навучаныя, верныя радзіме, моцныя духам салдаты і афіцэры. Варта надаваць яшчэ больш увагі якасці падрыхтоўкі асабовага складу, яго патрыятычнаму выхаванню", — лічыць ён.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН