Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/04/21/eu_eu_899998_899999/
Дата раздрукоўкі: 20.10.2017 22:49
21.04.2017 14:46 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Лукашэнка прапаноўвае еўрапейцам разам працаваць над стабілізацыяй становішча ў Еўропе

Мінск, 21 красавіка. Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае еўрапейцам разам працаваць над стабілізацыяй становішча ў рэгіёне.

"Еўрапейцы, вы адумайцеся, давайце разам працаваць над стабілізацыяй становішча ў Еўропе, — заявіў ён, выступаючы 21 красавіка са штогадовым пасланнем беларускаму народу і парламенту. — Мы многае можам вам прапанаваць і ў шматлікіх працэсах на карысць вам паўдзельнічаць. Мы дорага за гэта не папросім. Па першым часе нам нават плаціць не трэба, мы гэта бясплатна зробім".

Лукашэнка прапанаваў еўрапейцам "жыць дружна". Паводле яго слоў, Беларусь да гэтага гатовая. "Але не трэба нас увесь час у спіну штурхаць. Гэты Макей (міністр замежных спраў Уладзімір Макей. — БелаПАН.) баіцца ўжо да вас ехаць. Ён ужо высах. Як ні прыедзе — то там празмерная сіла, то там. Няўжо мы зноў вяртаемся да таго, з чаго пачыналі?" — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Ён прапанаваў еўрапейцам вызначыцца з тым, чаго яны хочуць ад Беларусі. "Вы скажыце, чаго ад нас хочаце. Мы вам скажам, на што мы здольныя сёння. Як з МВФ... Мы ім тлумачым: вось тры пытанні, якія мы сёння не можам. Ну так і вы нам скажыце ў палітыцы, у дыпламатыі. І мы вам адкажам, што мы можам, што не можам", — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама прапанаваў еўрапейцам, калі яны захочуць, паспрачацца з ім пра дэмакратыю. "Давайце адкрыта правядзем у вашых сродках масавай інфармацыі дыскусію. Вы — усе, я — адзін. І я дакажу вашым народам, і яны зробяць пэўную выснову, мае рацыю Лукашэнка ці не. Ну што вы забарыкадаваліся там і паліваеце нас брудам, некаторыя з Усходу і з Захаду?" — сказаў ён.

"Мы выстаім, не хвалюйцеся, праўда заўсёды пераможа. Але што вы будзеце мець на гэтым кавалку зямлі, якая вам яшчэ ой як спатрэбіцца?" — падкрэсліў Лукашэнка.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН