Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/04/21/eu_eu_899999_558962/
Дата раздрукоўкі: 18.08.2017 21:14
21.04.2017 14:20 Палітыка, Эканоміка, Беларусь — Eўрасаюз

Лукашэнка: Сёлета нам жыццёва важна дасягнуць паўнавартаснага ўзаемадзеяння з Еўрасаюзам

Мінск, 21 красавіка. Працэс наладжвання адносін з Еўрасаюзам і ЗША — гэта ключ да інвестыцый, сучасных тэхналогій, рэсурсаў, ёмістых рынкаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 21 красавіка, выступаючы са штогадовым пасланнем беларускаму народу і парламенту.

"Дыялог, які акрэсліўся, адпавядае не толькі ўзаемавыгадным эканамічным інтарэсам, але і скіраваны на падтрыманне палітычнай стабільнасці ў нашым Еўрапейскім рэгіёне", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён заявіў, што Беларусі "жыццёва неабходна ўжо сёлета істотна рушыць наперад у дасягненні паўнавартаснага ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках" з Еўрапейскім саюзам.

"Мы цэнім, што адмененыя абмежавальныя меры ў дачыненні да нашай краіны, развіваюцца розныя двухбаковыя інструменты палітычнага дыялогу. Мы заўсёды займалі актыўную пазіцыю ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і таму асабліва ганарымся, што нам даверанае правядзенне сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Важна, што да нас у госці прыедуць сотні еўрапейскіх парламентарыяў, якія на ўласныя вочы пабачаць, як жыве і развіваецца сучасная Беларусь, чым дыхае беларускі народ. Хаваць нам няма чаго, мы адчынім дзверы для ўсіх ахвотных прыехаць і паглядзець на нашу краіну", — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь была і застаецца надзейным партнёрам у барацьбе з асноўнымі трансмежавымі пагрозамі. І ў гэтай сферы, адзначыў кіраўнік дзяржавы, можна дамагчыся вялікага поспеху.

"Галоўнае — пазбавіцца ад звычкі глядзець адзін на аднаго з прадузятасцю і недаверам, прытрымлівацца двайных стандартаў, павучаць і ставіць папярэднія ўмовы. Гэта для нас непрымальна, як і для любой іншай краіны", — заявіў ён.

Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тое, што шмат чаго трэба нагнаць у беларуска-амерыканскіх адносінах, якія доўгія гады "знаходзіліся практычна ў спячцы". "Аднак важна тое, што сёння мы размаўляем і слухаем адзін аднаго", — сказаў ён.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН