Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/04/27/900667_589647/
Дата раздрукоўкі: 15.12.2017 22:46
27.04.2017 15:58 Грамадства

Зміцер Дашкевіч: Паперу аб супрацоўніцтве з КДБ Пальчэўскі падпісаў у хвіліны слабасці

Мінск, 27 красавіка. Паперу аб супрацоўніцтве з КДБ маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі падпісаў "у хвіліны слабасці", заявіў адзін з лідараў "Маладога фронту" (арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі) Зміцер Дашкевіч у прамым эфіры "Радыё Свабода", каментуючы сённяшняе публічнае прызнанне Пальчэўскага.

27 красавіка на старонцы "Маладога фронту" ў "Фэйсбуку" з'явілася заява Сяргея Пальчэўскага, у якой той паведамляе, што вымушаны быў падпісаць паперу аб супрацоўніцтве з КДБ пад уздзеяннем націску і шантажу.

Дашкевіч паставіўся да прызнання Пальчэўскага "з разуменнем і павагай" і ўдзячны яму за "гэты складаны крок". Пальчэўскі цяпер "моцна перажывае", паведаміў лідар "Маладога фронту".

Паводле слоў Дашкевіча, ён не ведае, каб каму-небудзь з маладафронтаўцаў прапаноўвалі падпісаць паперы аб супрацоўніцтве ў КДБ. Самому Дашкевічу, які, як і Пальчэўскі, быў затрыманы 22 сакавіка і адпушчаны 15 красавіка, такія прапановы дакладна не рабіліся. Але пагрозы, "у тым ліку сексуальнага гвалту", гучалі практычна ў дачыненні да ўсіх затрыманых маладафронтаўцаў, дадаў актывіст.

На думку Дашкевіча, заява Пальчэўскага можа яму дапамагчы. "Калі чалавек публічна абвяшчае пагрозы, якія паступілі яму, то гэтыя пагрозы перастаюць гучаць. КДБ дзейнічае толькі ў таямніцы. Зараз усё публічна і адкрыта, мы ўсе будзем сачыць за яго лёсам. Калі нешта будзе абвешчанае, нейкія здымкі са спальні, мне гэта не цікава. Я буду яго падтрымліваць і з ім далей сябраваць", — падкрэсліў Дашкевіч.

Сяргей Пальчэўскі з'яўляецца фігурантам рэзананснай крымінальнай справы аб падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Пасля затрымання актывіст утрымліваўся ў СІЗА № 1 на Валадарскага, але за суткі да вызвалення яго перавялі ў СІЗА КДБ.

Выйшаўшы з ізалятара, Пальчэўскі паведаміў, што абвінавачваецца на падставе арт. 293, ч. 3 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках). Паводле слоў актывіста, абвінавачанне яму было выстаўленае праз 10 дзён пасля затрымання. На пытанне, якім было стаўленне да яго з боку прадстаўнікоў праваахоўных органаў, Пальчэўскі тады адказаў: "Я ўпершыню ў СІЗА трапіў, параўноўваць стаўленне не магу. Але быццам нармальна, не білі".

Зараз тэлефон Пальчэўскага недаступны. "Ён цяпер не на сувязі і на сувязі пакуль не будзе. Ён нікуды не паехаў, але пакуль будзе ўстрымлівацца ад каментароў", — сказала БелаПАН жонка Дашкевіча Анастасія.

Начальнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын адмовіўся каментаваць БелаПАН заяву Пальчэўскага.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН