Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/05/19/903713_456312/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2017 05:51
19.05.2017 15:16 Спорт

Чэмпіянат свету па хакеі 2021 года пройдзе ў Беларусі і Латвіі

Мінск, 19 мая. Чэмпіянат свету па хакеі 2021 года пройдзе ў Мінску і Рызе. Рашэнне аб гэтым прынятае 19 мая ў Кёльне на штогадовым кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ).
Дэлегаты кангрэса выбіралі гаспадароў чэмпіянату 2021 года з двух заявак — канкурэнцыю сумеснай заяўцы Беларусі і Латвіі складала Фінляндыя. У выніку галасавання беларуска-латвійская заяўка атрымала 55 галасоў, фінская — 52. Такім чынам, гульні чэмпіянату свету 2021 года пройдуць у Мінску і Рызе. Папярэдне даты турніру — з 7 па 23 мая.

І Беларусь, і Латвія другі раз будуць прымаць сусветнае хакейнае першынство. У Рызе чэмпіянат свету прайшоў у 2006 годзе, у Мінску — у 2014-м.

У 2018 годзе найлепшыя хакейныя зборныя планеты збяруцца ў Даніі (Капенгаген і Хернінг), у 2019-м — у Славакіі (Браціслава і Кошыцэ), у 2020-м — у Швейцарыі (Цюрых і Лазана).

Сумесная заяўка на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі 2021 года была пададзеная ў ІІХФ 10 студзеня 2017 года.

19 студзеня ў Мінску прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам кіраўнікоў сталіц Беларусі і Латвіі, а таксама кіраўнікоў хакейных федэрацый абедзвюх краін. Было заяўлена, што беларуская Федэрацыя хакея яшчэ ў сярэдзіне мінулага года абвясціла пра намер змагацца за правядзенне ЧС-2021, але рашэнне аб сумеснай заяўцы было прынятае ў апошні момант пасля звароту латвійскага боку.

"Латвійская дэлегацыя сустракалася з Аляксандрам Лукашэнкам. І гэта было рашэнне прэзідэнта аб падаванні сумеснай заяўкі, у тым ліку і для ўмацавання адносін і супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі", — паведаміў першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Максім Рыжанкоў.

На прэс-канферэнцыі было сказана, што галоўныя сустрэчы турніру прыме Мінск, дзе пройдуць усе матчы пачынаючы з паўфінальнай стадыі. Адным з умоў таксама з'яўляецца выступленне зборнай Расіі на групавой стадыі ў Мінску, а зборнай Фінляндыі — у Рызе.

Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац паведаміў, што магчымае правядзенне ў Беларусі чэмпіянату свету-2021 стане для сталіцы менш затратным, чым у 2014 годзе, бо да першага чэмпіянату ў горадзе было пабудавана і мадэрнізавана шмат аб'ектаў інфраструктуры.
Аляксандр Зайцаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН