Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/05/19/903730_456321/
Дата раздрукоўкі: 23.07.2017 19:47
19.05.2017 17:11 Эканоміка

Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні ў парку "Вялікі камень" найлепшага прававога рэжыму вядзення бізнесу

Мінск, 19 мая. Для рэзідэнтаў кітайска-беларускага індустрыяльнага парку "Вялікі камень" ствараецца найлепшы прававы рэжым вядзення камерцыйнай дзейнасці ў параўнанні з іншымі рэжымамі ў Беларусі і краінах ЕАЭС. Гэта прадугледжана ўказам № 166, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 12 мая, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Указ вызначае парадак дзейнасці адміністрацыі парка на прынцыпе "адна станцыя". Дзяржорганы паводле запыту адміністрацыі парку будуць абавязаныя накіроўваць сваіх супрацоўнікаў у парк для выканання адміністрацыйных працэдур. Гэта значыць заяўніку не трэба будзе хадзіць па кабінетах выканкамаў, міністэрстваў альбо іншых арганізацый, тлумачыць прэс-служба.

Акрамя таго, у парку плануюць стварыць зону свабоднага гандлю, а таксама ўсталяваць механізм узгаднення з адміністрацыяй парку праверак, якія праводзяцца ў межах кантрольнай дзейнасці ў дачыненні да суб'ектаў парку.

Пашыраныя таксама крытэрыі для рэгістрацыі ў якасці рэзідэнтаў парку: павялічаны пералік асноўных напрамкаў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў і паніжаная мінімальная мяжа інвестыцый пры ўмове іх унясення ў сціслы тэрмін.

На сустрэчы 4 мая ў Мінску з прадстаўнікамі кітайскіх цэнтральных і рэгіянальных СМІ — удзельнікамі прэс-тура ў Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь разлічвае толькі ад экспарту прадукцыі з кітайска-беларускага індустрыяльнага парку "Вялікі камень" атрымаць прыток валюты прыблізна 50 млрд долараў. Ён адзначыў, што парк павінен стаць "адной з вузлавых пляцовак эканамічнага пояса Шаўковага шляху". Беларускі лідар назваў "Вялікі камень" прыкладам таго, як Кітай перакройвае эканамічную карту свету. На думку Лукашэнкі, у парку павінны рэгістравацца толькі найлепшыя і перадавыя кампаніі свету.

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк пачалі ствараць у 2012 годзе на падставе міжурадавага пагаднення паміж КНР і Беларуссю. Ён уяўляе сабой тэрыторыю плошчай 91,5 кв. км з асаблівым прававым рэжымам для забеспячэння камфортных умоў вядзення бізнесу і будуецца за 25 км ад Мінска. Прыярытэтныя напрамкі развіцця — электроніка, біямедыцына, тонкая хімія, машынабудаванне і новыя матэрыялы. Запланаваныя рынкі — краіны СНД і Еўрапейскага саюза.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН