Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/05/19/903793_903794/
Дата раздрукоўкі: 23.07.2017 19:48
19.05.2017 18:04 Эканоміка, Фінансы

У ФПБ створана рабочая група па маніторынгу цэн на сацыяльна значныя тавары і паслугі

Мінск, 19 мая. У Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі створана рабочая група па маніторынгу цэн на сацыяльна значныя тавары і паслугі.

Як паведамляе інфармацыйны партал ФПБ, у склад рабочай групы ўвайшлі прадстаўнікі сацыяльна-эканамічнага блока ўсіх абласных і Мінскага гарадскога аб`яднанняў прафсаюзаў. Яе члены штомесяц абавязаны рабіць зрэз кошту прадуктаў харчавання ў магазінах — буйных сеткавых і крокавай даступнасці. Маніторынг ахопіць аб`екты не толькі ў сталіцы і абласных гарадах, але і ў некаторых раённых цэнтрах. Уся інфармацыя будзе сцякацца ў ФПБ, дзе спецыялісты правядуць яе дэталёвы аналіз.

"Напрыклад, сярэдні кошт на тую ці іншую групу тавараў, якія карэлююцца са "спажывецкім кошыкам", параўнаюць з сярэднім заробкам работнікаў па краіне. Такім чынам атрымаецца ацаніць, ці можа сярэднестатыстычны грамадзянін дазволіць сабе базавы набор прадуктаў і якую долю ў яго даходах складае сума, выдаткаваная на іх набыццё", — адзначаецца на сайце ФПБ.

Плануецца таксама параўноўваць мінімальны памер цэн на тавары і паслугі "спажывецкага кошыка" з мінімальнай заработнай платай. Членскія арганізацыі ФПБ дапамогуць зрабіць зрэз па галінах.

Так, напрыклад, прафсаюз работнікаў гандлю будзе ажыццяўляць маніторынг цэн на адзенне, бялізну, абутак; прафсаюз работнікаў аховы здароўя — на лекі і сродкі гігіены; прафсаюз работнікаў транспарту і камунікацый — на паслугі транспарту; прафсаюз работнікаў сувязі — на паслугі сувязі і г.д.

Акрамя таго, прафсаюзы мяркуюць не выпускаць з-пад увагі пытанне плацежаздольнасці насельніцтва, якое тычыцца аплаты камунальных паслуг. "Як вядома, Беларусь паступова адыходзіць ад перакрыжаванага субсідавання і плануецца, што да канца 2018 года жыхары краіны будуць аплачваць камунальныя паслугі на 100%. З прадпрыемстваў, адпаведна, здымаецца пэўная фінансавая нагрузка, значыць, у іх застаецца больш грашовых сродкаў, якія яны, сярод іншага, могуць выкарыстоўваць і для павелічэння заработнай платы сваім работнікам. У перспектыве ў прафсаюзаў з`яўляецца магчымасць разгледзець, як падаражанне груп тавараў, камунальных паслуг, тарыфаў на праезд у транспарце ў комплексе ўплывае на мінімальны спажывецкі бюджэт", — адзначаюць у ФПБ.

Атрыманай па выніках маніторынгу інфармацыяй ФПБ падзеліцца з урадам і Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю. А найбольш праблемныя моманты будуць выносіцца на абмеркаванне ў Нацыянальным савеце па працоўных і сацыяльных пытаннях.

Як паведамлялася, 19 мая Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй федэрацыі Міхаілам Ордам падтрымаў ініцыятыву ФПБ аб народным кантролі за цэнамі на гандлёвых аб`ектах. "Чуў, што вы хочаце арганізаваць народны кантроль за цэнамі ў крамах, — сказаў Лукашэнка. — Усё ў справаздачах статыстыкі і правільна, і добра па методыках, але ў крамах па асноўных таварах, асноўных прадуктах харчавання сітуацыя можа быць іншая. Якая яна — хто, як не прафсаюзы, гэта лепш за ўсё ведаюць. Таму я вельмі падтрымліваю гэтую ініцыятыву аб кантролі за цэнамі непасрэдна ў гандлёвых арганізацыях".
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН