Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/05/19/903798_903799/
Дата раздрукоўкі: 21.11.2017 16:33
19.05.2017 18:18 Спорт

Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея Фазель: Атрыманне Мінскам і Рыгай ЧС-2021 — гэта пэўны сюрпрыз

Мінск, 19 мая. Атрыманне Мінскам і Рыгай права на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў вышэйшым дывізіёне ў 2021 годзе прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі гэтага віду спорту (IIHF) Рэне Фазель назваў "пэўным сюрпрызам". Такую заяву ён зрабіў 19 мая, каментуючы вынікі галасавання па выбары месца правядзення ЧС-2021.

Днём 19 мая на штогадовым кангрэсе IIHF у Кёльне было вырашана, што сусветнае першынство пройдзе ў дзвюх краінах — Беларусі і Латвіі. Канкурэнтам беларуска-латвійскай заяўкі была заяўка Фінляндыі.

Паводле слоў Фазеля, выбар на карысць Мінска і Рыгі кажа пра тое, "якую сур'ёзную працу правялі федэрацыі хакея Беларусі і Латвіі, як добра яны папрацавалі".

"Тое, што адбылося сёння, — вялікае прызнанне беларускага хакея і беларускай федэрацыі як вельмі моцнага гульца на міжнароднай арэне", — адзначыў намеснік старшыні Федэрацыі хакея Беларусі, член Савета IIHF Сяргей Ганчароў.

Ён падкрэсліў: "Гэта вялікая перамога, якая не была б магчымай без нашай каманды, і ў першую чаргу без старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Ігара Рачкоўскага". "Менавіта Рачкоўскі прасоўваў гэтую ідэю, менавіта ён ў 2014 годзе вярнуў мяне ў Беларусь, і мы пачалі працу па падрыхтоўцы заяўкі на правядзенне чэмпіянату свету. За кулісамі гэтай велізарнай працы стаіць вялікая колькасць людзей, якія таксама заслугоўваюць асобных слоў падзякі", — сказаў Ганчароў .

Сам кіраўнік федэрацыі хакея Беларусі лічыць, што "вынікі галасавання атрымаліся па-сапраўднаму фантастычнымі". "Фіны нават не сумняваліся, што яны выйграюць. Але цяпер я ўжо магу адкрыта сказаць, што мы свядома гулялі другім нумарам, паколькі разумелі, што так у нас больш шанцаў выйсці ў контратаку, кажучы хакейнай мовай. Вельмі прыемна, што ў Кёльн нас прыехалі падтрымаць сябры з усяго свету, у прыватнасці Сяргей Бубка, гэта таксама ў некаторай ступені паўплывала на сённяшні вынік. Гэта сведчыць аб пазітыўным стаўленні дэлегатаў і сусветнай спартыўнай супольнасці да нашай краіны", — падсумаваў Ігар Рачкоўскі.
Аляксандр Ванковіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН