Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/05/22/903996_903997/
Дата раздрукоўкі: 26.06.2017 13:34
22.05.2017 10:28 Грамадства, Палітыка

Паводле звестак праваабаронцаў, фігурант справы "Белага легіёну" Яўген Палтаржыцкі пераведзены з СІЗА КДБ пад хатні арышт

Мінск, 22 мая. Фігурант справы "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" Яўген Палтаржыцкі пераведзены з СІЗА КДБ пад хатні арышт. Паводле інфармацыі праваабарончага сайта spring96.org, мера стрымання ў дачыненні да Палтаржыцкага была змененая вечарам 19 мая.

Палтаржыцкі, гісторык па адукацыі, якога адносяць да членаў былой арганізацыі "Белы легіён", быў затрыманы 21 сакавіка. 30 сакавіка яму афіцыйна было выстаўленае абвінавачанне па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка масавых беспарадкаў), а ў канцы красавіка — дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання).

У канцы сакавіка па тэлеканале "Беларусь 1" былі паказаны кадры аператыўнай здымкі, на якіх Палтаржыцкі даваў каментары з нагоды схронаў арматуры ў лесе, нібыта знойдзеных праваахоўнымі органамі па справе "Белага легіёну".

На гэты момант, паводле дадзеных праваабаронцаў, за кратамі па падазрэнні ў падрыхтоўцы "масавых беспарадкаў" застаюцца 16 чалавек. Усе яны, за выключэннем Сяргея Кунцэвіча (паплечніка апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча), былі якім-небудзь чынам звязаны са спартыўна-патрыятычнай арганізацыяй "Белы легіён", якая спыніла сваю дзейнасць 15 гадоў таму, альбо былі яе актывістамі.

Затрыманні па абвінавачанні ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў аб "баевіках, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй". 23 сакавіка дзяржаўныя тэлеканалы паведамілі, што КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Першапачаткова былі затрыманыя 26 чалавек — былыя актывісты "Белага легіёну", афіцыйна зарэгістраванага бабруйскага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванага "Маладога фронту". Пасля некаторых адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Афіцыйнай інфармацыі пра расследаванне гучнай справы па-ранейшаму няма. 11 мая Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікала генеральнага пракурора, а таксама кіраўнікоў КДБ і Следчага камітэта інфармаваць грамадскасць аб ходзе расследавання гэтай і іншых рэзанансных спраў.

18 мая кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын заявіла парталу tut.by, што ЕС уважліва сочыць за справай "Белага легіёну".

19 мая міністр замежных спраў Уладзімір Макей паведаміў журналістам, што інфармацыю пра расследаванне па крымінальнай справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў Беларусь перадала Еўрасаюзу. "Мы далі ўсю неабходную інфармацыю з гэтай нагоды, якая існуе на гэты час, нашым еўрапейскім партнёрам. Гэта тая інфармацыя, якую мы можам цяпер перадаць. Далей будзем глядзець", — сказаў ён.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН