Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/05/23/904202_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.08.2017 21:13
23.05.2017 10:06 Грамадства, Палітыка

Алесь Бяляцкі просіць генпракурора праверыць інфармацыю пра катаванні ў дачыненні да затрыманых па справе "Белага легіёна"

Мінск, 23 мая. Кіраўнік ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі звярнуўся да генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка ў сувязі з інфармацыяй у СМІ аб магчымым выкарыстанні катаванняў да асобаў, якія змяшчаюцца ў якасці абвінавачаных па так званай справе спартыўна-патрыятычнай арганізацыі "Белы легіён".

"Як прадстаўнік праваабарончай супольнасці Беларусі, я вельмі занепакоены з'яўленнем інфармацыі аб магчымым выкарыстанні недазволеных метадаў у дачыненні да абвінавачаных па гэтай справе, — цытуе Бяляцкага праваабарончы сайт spring96.org. — Асабліва ўлічваючы той факт, што інфармацыя аб катаваннях у СІЗА КДБ, агучаная кандыдатам у прэзідэнты Алесем Міхалевічам, у свой час знайшла пацвярджэнне".

Праваабаронца нагадвае, што "свабода ад катаванняў мае абсалютны характар і не падлягае абмежаванням ні пры якіх умовах". Прымяненне катаванняў забароненае артыкулам 25 Канстытуцыі Беларусі і іншымі міжнароднымі актамі аб правах чалавека, ратыфікаванымі рэспублікай.

"Лічу, што дадзеная інфармацыя сведчыць аб магчымых парушэннях правоў асобаў, што з'яўляюцца абвінавачанымі па гэтай крымінальнай справе і ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ і МУС. Супрацоўнікамі міліцыі, прадстаўнікамі іншых дзяржаўных органаў у дачыненні да затрыманых маглі быць незаконна выкарыстаныя спецыяльныя сродкі і фізічная сіла", — заявіў Бяляцкі. Ён звярнуў увагу на тое, што ў сюжэце нацыянальнага тэлебачання адзін з фігурантаў справы Міраслаў Лазоўскі падчас затрыманьня быў збіты — на твары былі сляды крыві і збіцця. Між тым законнасць і неабходнасць прымянення да яго фізічнай сілы супрацоўнікамі міліцыі павінны строга адпавядаць патрабаванням заканадаўства, не мець характару здзекаў і катаванняў, адзначыў праваабаронца.

Бяляцкі просіць правесці пракурорскую праверку згаданых у СМІ і ў сваёй заяве звестак і пры ўсталяванні фактаў ужывання катаванняў і іншых забароненых відаў жорсткага абыходжання прыняць неадкладныя меры.

Паводле звестак праваабаронцаў, за кратамі паводле падазрэння ў падрыхтоўцы "масавых беспарадкаў" застаюцца 16 чалавек. Амаль усе яны былі звязаныя з "Белым легіёнам", які спыніў сваю дзейнасць 15 гадоў таму.

Затрыманні па абвінавачанні ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля заявы 21 сакавіка Аляксандра Лукашэнкі аб "баевіках, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй". 23 сакавіка дзяржтэлеканалы паведамілі, што КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Спачатку затрымалі 26 чалавек — былых актывістаў "Белага легіёна", бабруйскага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту". Некаторых адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Афіцыйнай інфармацыі пра расследаванне гучнай справы па-ранейшаму няма. 19 мая міністр замежных спраў Уладзімір Макей паведаміў журналістам, што інфармацыю пра расследаванне па крымінальнай справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў Беларусь перадала Еўрасаюзу.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН