Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/05/24/904460_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.08.2017 21:13
24.05.2017 15:08 Грамадства

Следства ў дачыненні да аднаго з фігурантаў справы "Белага легіёна" працягнутае на чатыры месяцы

Мінск, 24 мая. Следства ў дачыненні да аднаго з фігурантаў крымінальнай справы аб падрыхтоўцы "масавых беспарадкаў" Андрэя Дундукова працягнулі на чатыры месяцы, паведаміла БелаПАН грамадская актывістка Ніна Шыдлоўская. "Андрэй напісаў пра гэта ў лісце жонцы", — удакладніла яна.

Інфармацыі аб аналагічных мерах у дачыненні да іншых фігурантаў справы, паводле слоў Шыдлоўскай, пакуль няма.

Затрыманні па абвінавачанні ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў пра "баевікоў, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй". 23 сакавіка дзяржаўныя тэлеканалы паведамілі, што КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Першапачаткова былі затрыманыя 26 чалавек — былыя актывісты "Белага легіёна", афіцыйна зарэгістраванага бабруйскага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту". Пасля некаторых адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Афіцыйнай інфармацыі аб ходзе расследавання па-ранейшаму няма, нягледзячы на тое, што Беларуская асацыяцыя журналістаў 11 мая заклікала генеральнага пракурора, а таксама кіраўнікоў КДБ і Следчага камітэта інфармаваць грамадскасць аб ходзе расследавання гэтай і іншых рэзанансных спраў.

Паводле звестак праваабаронцаў, 18 мая выйшаў на волю адзін з фігурантаў справы — кіраўнік бабруйскага спартыўна-патрыятычнага клуба "Патрыёт" Мікалай Міхалькоў.

19 мая былы лідар "Белага легіёна" Сяргей Чыслаў, які знаходзіцца ў эміграцыі, на прэс-канферэнцыі ў Кіеве выказаў здагадку, што фігурантаў справы пачнуць паступова выпускаць з СІЗА КДБ і СІЗА № 1. "Паводле нашай інфармацыі, у іх тэндэнцыя: шэсць-сем чалавек затрымаць надоўга, а іншых, верагодна, будуць патроху вызваляць", — сказаў ён.

22 мая пад хатні арышт быў пераведзены затрыманы гісторык Яўген Палтаржыцкі, які ў паказаных дзяржаўнымі тэлеканаламі кадрах аператыўнай здымкі даваў камэнтары з нагоды схронаў арматуры ў лесе, нібыта знойдзеных праваахоўнымі органамі па справе "Белага легіёна".

На гэты момант, паводле неафіцыйнай інфармацыі, за кратамі па падазрэнні ў падрыхтоўцы "масавых беспарадкаў" застаюцца 16 чалавек. Усе яны, за выключэннем Сяргея Кунцэвіча (паплечніка апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча), былі пэўным чынам звязаныя са спартыўна-патрыятычнай арганізацыяй "Белы легіён", якая спыніла сваю дзейнасць 15 гадоў таму, альбо былі яе актывістамі.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН