Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/05/25/904549_904550/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2017 00:26
25.05.2017 08:59 Грамадства

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яшчэ тром фігурантам справы "Белага легіёна" прадоўжаныя тэрміны ўтрымання пад вартай

Мінск, 25 мая. Яшчэ тром фігурантам справы "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" (так званай справы "Белага легіёна") прадоўжаныя тэрміны ўтрымання пад вартай, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Днём 24 мая з`явілася інфармацыя аб працягу на чатыры месяцы абранай меры стрымання ў дачыненні да Андрэя Дундукова. Пазней праваабаронцам стала вядома аб тым, што на два месяцы прадоўжаны тэрміны ўтрымання пад вартай Уладзіміру Фёдараву, Сяргею Стрыбульскаму і Аляксандру Яўдаху. Дундукоў, Стрыбульскі і Яўдаха ўтрымліваюцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, Фёдараў — у СІЗА КДБ.

Затрыманні па абвінавачанні ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў аб "баевіках, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй". Праз два дні дзяржаўныя тэлеканалы паведамілі, што КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Першапачаткова па справе былі затрыманыя 26 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба "Белы легіён" (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага бабруйскага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту". Пасля некаторых адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

18 мая выйшаў на волю адзін з фігурантаў справы — кіраўнік клуба "Патрыёт" Мікалай Міхалькоў. 22 мая пад хатні арышт са следчага ізалятара быў пераведзены гісторык Яўген Палтаржыцкі (у кадрах аператыўнай здымкі, паказаных дзяржаўнымі тэлеканаламі ў сакавіку, ён даваў каментары з нагоды схронаў арматуры ў лесе, нібыта знойдзеных праваахоўнымі органамі па справе "Белага легіёна").

19 мая на прэс-канферэнцыі ў Кіеве былы лідар "Белага легіёна" Сяргей Чыслаў, які знаходзіцца ў эміграцыі, выказаў здагадку, што фігурантаў справы пачнуць паступова выпускаць са следчых ізалятараў. "Паводле нашай інфармацыі, у іх тэндэнцыя: шэсць-сем чалавек затрымаць надоўга, а іншых, верагодна, будуць патроху вызваляць", — сказаў Чыслаў.

Афіцыйнай інфармацыі аб ходзе расследавання гэтай рэзананснай справы па-ранейшаму няма.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН