Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/03/906045_458967/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2017 00:26
03.06.2017 13:44 Палітыка, Грамадства

Вызвалены яшчэ адзін фігурант справы аб падрыхтоўцы "масавых беспарадкаў" Сяргей Кунцэвіч

Мінск, 3 чэрвеня. Вызвалены з-пад варты яшчэ адзін фігурант справы аб падрыхтоўцы "масавых беспарадкаў" Сяргей Кунцэвіч, напісала ў сваім акаўнце ў "Фэйсбуку" Марына Адамовіч, жонка апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча.

32-гадовы мінчанін Сяргей Кунцэвіч — паплечнік Статкевіча па аргкамітэце Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), кіраўнік інфармацыйнай групы партыі. Яго затрымалі 24 сакавіка і змясцілі ў СІЗА КДБ, а ў пачатку красавіка перавялі ў СІЗА № 1 МУС на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

У сюжэтах беларускага дзяржаўнага тэлебачання журналісты называлі Кунцэвіча "кіроўцам Статкевіча" і дэманстравалі кадры, як пры затрыманні ў Мінску перад акцыяй 25 сакавіка з яго машыны нібыта дастаюць бутэлькі з гаручай сумессю.

"У аўтамабілі выяўленыя гукаўзмацняльная апаратура, драты, мікрафон, кардонныя скрынкі з дзясяткамі бутэлек, напоўненых вадкасцю з пахам гаручай сумесі і кнотамі з рыззя. Як устаноўлена, Сяргей Кунцэвіч — прыхільнік Беларускага нацыянальнага кангрэса, ініцыятарам якога з'яўляецца Мікалай Статкевіч", — паведаміў тэлеканал СТВ вечарам 25 сакавіка.

Статкевіч назваў абвінавачанні на адрас Кунцэвіча грубай фальсіфікацыяй. "У мяне няма кіроўцы. Сяргей Кунцэвіч удзельнічаў у маёй "эвакуацыі". Гэта калега па партыі (незарэгістраваная Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада). — БелаПАН.). Гэта элементарная схема — адарвацца ад любога хваста, асабліва ў сталіцы. Але тут трэба мець проста дамоўленасць", — паведаміў Статкевіч журналістам 27 сакавіка.

"Кактэйлі Молатава", нагадаў палітык, фігуравалі яшчэ ў крымінальнай справе па факце "масавых беспарадкаў" 19 снежня 2010 года, і іх новае згадванне на дзяржаўным тэлебачанні яго не здзівіла. "Я думаю, гэта з той жа серыі — узялі гэтага хлопца. У яго сапраўды была гукаўзмацняльная тэхніка. Астатняе ўсё яму, безумоўна, падклалі", — падкрэсліў Статкевіч.

Затрыманні паводле абвінавачання ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў пра "баевікоў, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй". Праз два дні дзяржаўныя тэлеканалы паведамілі, што КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Першапачаткова па справе былі затрыманыя 26 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба "Белы легіён" (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту". Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, дамашні арышт), а некаторым працягнулі тэрмін утрымання пад вартай.

Афіцыйнай інфармацыі пра ход расследавання справы па-ранейшаму няма.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН