Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/07/906517_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.08.2017 21:13
07.06.2017 12:43 Палітыка, Грамадства

Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення фігурантаў справы "Белага легіёна"

Мінск, 7 чэрвеня. Сем беларускіх праваабарончых арганізацый выступілі з сумеснай заявай, у якой патрабуюць неадкладнага вызвалення з-пад варты ўсіх фігурантаў справы аб падрыхтоўцы "масавых беспарадкаў" (так званая справа "Белага легіёна"). Заява прынятая ў сувязі з чарговай інфармацыяй пра катаванні ў следчым ізалятары КДБ.
Тэкст дакумента апублікаваны на сайце spring96.org.

Праваабаронцы адзначаюць, што 5 чэрвеня яны атрымалі пасведчанні аб прымяненні ў СІЗА КДБ катаванняў у дачыненні да Сяргея Кунцэвіча, які абвінавачваецца па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках). "Сведчанні Сяргея Кунцэвіча былі падрабязна зафіксаваныя. Ён звярнуўся ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь з заявай аб распачынанні крымінальнай справы ў сувязі з учыненнем у дачыненні да яго злачынства. Ён заявіў, у прыватнасці, што падчас допыту ў будынку КДБ Беларусі, які праходзіў пры адсутнасці адваката, асобы ў чорнай уніформе і масках, калі пакой для допыту пакінулі следчыя, нанеслі яму некалькі ўдараў па целе, пасля гэтага адзін з іх 3-4 разы выкарыстаў у дачыненні да яго электрашокер — уздзейнічаў на левую нагу на працягу 30-40 секунд. Гэта прыносіла моцныя фізічныя пакуты", — гаворыцца ў заяве.

Акрамя таго, у перыяд знаходжання ў СІЗА КДБ Кунцэвіч утрымліваўся ў прыніжальных, бесчалавечных умовах: 14 дзён спаў на падлозе, на працягу дня сядзеў на вузкай дошцы, не атрымліваў медыцынскай дапамогі, а пасля пераводу ў СІЗА № 1 (на вуліцы Валадарскага) ён быў збіты супрацоўнікамі ізалятара.

У сувязі з атрыманай інфармацыяй асаблівую занепакоенасць у праваабарончых арганізацый выклікае закрыты ад грамадскасці характар гэтай крымінальнай справы, адсутнасць якой-небудзь афіцыйнай інфармацыі аб ходзе яе расследавання, сутнасці выстаўленых абвінавачванняў, а таксама аб фізічным стане і ўмовах утрымання асоб, якія знаходзяцца пад вартай.

Адзначаецца таксама, што "пад пагрозай пераследу адвакатам забаронена раскрываць інфармацыю аб стане іх кліентаў, аб скаргах на парушэнні іх правоў", а ў падазроных і абвінавачаных па гэтай справе, якія былі вызваленыя з-пад варты ў сувязі са зменай меры стрымання, "незаконна, з парушэннем патрабаванняў ч. 2 арт. 198 КПК Рэспублікі Беларусь, органамі следства бяруцца падпіскі пра неразгалошванне звестак папярэдняга расследавання". Пры гэтым тэрмін "звесткі папярэдняга расследавання" трактуецца службовымі асобамі надзвычай шырока. "Гэта сур'ёзным чынам абмяжоўвае іх права на абарону", — падкрэсліваецца ў заяве.

Праваабаронцы нагадваюць уладам пра тое, што "свабода ад катаванняў з'яўляецца абсалютным правам і не падлягае ніякім абмежаванням нават ва ўмовах ваенных канфліктаў і надзвычайнага становішча". Аўтары заявы патрабуюць ад Генеральнай пракуратуры і Следчага камітэта правесці аб'ектыўную праверку, прыняць меры па расследаванні агучаных Кунцэвічам звестак аб катаваннях і прыцягнуць вінаватых да крымінальнай адказнасці; змяніць меру стрымання ў дачыненні да ўсіх фігурантаў крымінальнай справы аб падрыхтоўцы "масавых беспарадкаў" і стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання і неадкладна вызваліць іх з-пад варты з мэтай прадухілення прымянення да іх катаванняў; няўхільна выконваць узятыя на сябе Беларуссю міжнародныя абавязацельствы па прадухіленні катаванняў і іншых відаў абыходжання — жорсткіх, бесчалавечных ці якія прыніжаюць годнасць.

Заяву падпісалі: закрыты ўладамі ў 2003 годзе праваабарончы цэнтр "Вясна", ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", ПУ "Цэнтр прававой трансфармацыі", Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", ПУ "Беларускі дакументацыйны цэнтр" і РГА "Прававая ініцыятыва".

32-гадовы мінчанін Сяргей Кунцэвіч — паплечнік апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча па аргкамітэце Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), кіраўнік інфармацыйнай групы партыі. Яго затрымалі 24 сакавіка і змясцілі ў СІЗА КДБ, а ў пачатку красавіка перавялі ў СІЗА № 1 МУС на вуліцы Валадарскага ў Мінску. У сюжэтах беларускага дзяржаўнага тэлебачання журналісты называлі Кунцэвіча "кіроўцам Статкевіча" і дэманстравалі кадры, як пры затрыманні ў Мінску перад акцыяй 25 сакавіка з яго машыны нібыта дастаюць бутэлькі з гаручай сумессю.

2 чэрвеня Кунцэвіча вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Цяпер ён знаходзіцца ў адной са сталічных бальніц у сувязі з тым, што ў зняволенні ў яго абвастрылася хранічная хвароба нырак.

 

Затрыманні паводле абвінавачання ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў пра "баевікоў, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй". Праз два дні дзяржаўныя тэлеканалы паведамілі, што КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе былі затрыманыя больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба "Белы легіён" (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту". Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, дамашні арышт), а некаторым працягнулі тэрмін утрымання пад вартай, з дваіх — Мікалая Міхалькова і яго сына Яна — абвінавачанні знятыя.

На гэты момант вядома пра чатырнаццаць фігурантаў справы, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай.

Інфармацыя аб катаваннях у дачыненні да затрыманых па справе "Белага легіёна" паступала праваабаронцам і раней, аднак афіцыйныя органы яе не каментуюць.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН