Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/08/906797_123456/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2017 00:26
08.06.2017 16:59 Палітыка, Грамадства

У дачыненні да маладафронтаўца Сяргея Пальчэўскага спынены крымінальны пераслед па справе аб падрыхтоўцы "масавых беспарадкаў"

Мінск, 8 чэрвеня. У дачыненні да актывіста маладзёжнай арганізацыі "Малады фронт" (не зарэгістраваная ў Беларусі) Сяргея Пальчэўскага спынены крымінальны пераслед па справе аб падрыхтоўцы "масавых беспарадкаў".

Тэлефон Пальчэўскага адключаны, але копію паведамлення аб спыненні крымінальнага пераследу ён размясціў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку". Дакумент за подпісам старшага следчага па асабліва важных справах першага аддзела следчага ўпраўлення КДБ А.В.Грыба датаваны 2 чэрвеня. З яго вынікае, што Пальчэўскі вызвалены ад крымінальнага пераследу па ч. 3 арт. 293 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) "за адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства".

Фігурант справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў Сяргей Пальчэўскі быў затрыманы 22 сакавіка, 15 красавіка яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. 27 красавіка актывіст паведаміў, што падчас знаходжання ў СІЗА вымушаны быў падпісаць паперу аб супрацоўніцтве з КДБ.

Затрыманні па абвінавачванні ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў аб "баевіках, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй". КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба "Белы легіён" (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш як 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту". Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, хатні арышт), некаторым прадоўжылі тэрмін утрымання пад вартай, з дваіх — Мікалая Міхалькова і яго сына Яна — абвінавачанні знятыя.

Праваабаронцам вядома пра чатырнаццаць фігурантаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай. Афіцыйнай інфармацыі па гэтай справе па-ранейшаму няма.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН