Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/09/906912_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.08.2017 23:49
09.06.2017 11:31 Грамадства, Палітыка

Генпракуратура адмовілася праводзіць праверку паводле звароту Алеся Бяляцкага ў сувязі з заявамі фігурантаў справы "Белага легіёна" аб катаваннях у СІЗА КДБ

Мінск, 9 чэрвеня. Генеральная пракуратура адмовілася праводзіць праверку паводле звароту лідара закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага ў сувязі з заявамі фігурантаў справы "Белага легіёна" пра катаванні ў СІЗА КДБ.

Вытрымка з адказу на зварот апублікаваная на сайце spring96.org. У лісце сказана, што "пададзеная ў заяве інфармацыя носіць характар меркавання, не ўтрымлівае канкрэтных звестак аб прыкметах супрацьпраўнай дзейнасці з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў, не пацвярджаецца зваротамі згаданых у заяве асоб або іх адвакатаў, а таму падстаў для пракурорскай праверкі няма".

Бяляцкі звярнуўся да генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка ў сувязі са з'яўленнем у СМІ інфармацыі пра магчымае прымяненне катаванняў да абвінавачваных па крымінальнай справе аб падрыхтоўцы "масавых беспарадкаў" 22 мая. "Як прадстаўнік праваабарончай супольнасці Беларусі, я вельмі занепакоены з'яўленнем інфармацыі аб магчымым выкарыстанні забароненых метадаў у дачыненні да абвінавачваных па гэтай справе. Асабліва ўлічваючы факт, што інфармацыя пра катаванні ў СІЗА КДБ, агучаная кандыдатам у прэзідэнты Алесем Міхалевічам, у свой час знайшла пацвярджэнне", — адзначалася ў звароце.

Лідар праваабарончага цэнтра прасіў правесці пракурорскую праверку і пры ўсталяванні фактаў ужывання катаванняў і іншых забароненых відаў жорсткага абыходжання прыняць неадкладныя меры.

Затрыманні па абвінавачванні ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў аб "баевіках, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй". КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба "Белы легіён" (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту". Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, дамашні арышт), некаторым працягнулі тэрмін утрымання пад вартай, з чацвярых — Мікалая Міхалькова і яго сына Яна, Дзмітрыя Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага — абвінавачванні знятыя.

Вызвалены 2 чэрвеня пад падпіску аб нявыездзе фігурант справы Сяргей Кунцэвіч паведаміў праваабаронцам аб ужыванні да яго падчас допытаў электрашокера. У сувязі з яго заявамі беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі неадкладнага вызвалення ўсіх фігурантаў справы аб падрыхтоўцы "масавых беспарадкаў".
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН