Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/11/907212_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.10.2017 22:47
11.06.2017 15:48 Культура, Грамадства

У Мінску адкрыецца арт-парк маштабных аб'ектаў сучаснага мастацтва

Мінск, 11 чэрвеня. У сталічным парку Перамогі (на востраве Камсамольцаў) 15 ліпеня адкрыецца ўнікальная экспазіцыя, якая складаецца з 11 маштабных аб'ектаў сучаснага мастацтва, паведамілі ў "Альфа-Банку" (Беларусь), які выступіў адным з арганізатараў праекта.

Праект "Арт-Астравы" прысвечаны сёлета 950-годдзю Мінска. Свае работы прадставяць беларускія і замежныя мастакі і скульптары. Прасторавыя інсталяцыі будуць створаныя з разнастайных матэрыялаў — ад дрэва да пластыку і металу. Вышыня некаторых аб'ектаў перавышае пяць метраў.

"Шматметровыя інсталяцыі атрымалі распаўсюджванне ў многіх гарадах свету. Цяпер і Мінск становіцца часткай глабальнай арт-прасторы, — зазначыла кіраўнік праектаў "Альфа-Банка" Алена Каспяровіч. — Экспазіцыя будзе маштабнай: агульная вага ўсіх інсталяцый складзе некалькі дзясяткаў тон. Некаторыя з іх будуць інтэрактыўнымі і паспрабуюць залучыць гледачоў у творчы працэс".

Так, у арт-парку можна будзе пераасэнсаваць "Бітву на Нямізе", для чаго Павел Вайніцкі і Вадзім Мацкевіч ўсталююць расколатую манету часоў Усяслава Чарадзея. Вялікіх памераў інсталяцыя нагадае пра першую летапісную згадку Мінска. Наведвальнікі змогуць "перамясціцца ў мінулае" і прайсці паміж супрацьборнымі бакамі легендарнай бітвы.

Анатоль і Іван Арцімовічы прадставяць вобраз планеты, якую ўтвараюць сплеценыя ў адзінае цэлае мужчынская і жаночая фігуры. Арт-аб'ект павінен падвесці гледача да ідэі планеты кахання — менавіта на гэтым пачуцці, на думку мастакоў, трымаецца свет.

"Лакатар" з лазы прадставяць Васіль Цімашоў і Паліна Пірагова. Інтэрактыўная плеценая канструкцыя прызначаная для рэлаксацыі і сузірання прыроды. Мастак Дзяніс Трапашка, у сваю чаргу, звернецца да "Формаў жыцця", а Уладзіслаў Стальмахоў пакажа ў незвычайнай форме "Людзей у горадзе".

"Гарадскія сакрэцікі" раскрыюць Жанна Марозава і Алена Цыбульская. На востраве з'явяцца тры бетонныя кольцы-студні ў якіх, зняўшы пласт пяску, можна будзе ўбачыць пад шклом люстраное дно і розныя прадметы гарадскога асяроддзя. Наведвальнікі змогуць таксама прымераць гіганцкія акуляры, створаныя мастаком Ігарам Лявонцьевым. Таксама можна будзе прайсці ва "Унутраную прастору", якую уладкуе Аляксандр Сакалоў, і такім чынам зірнуць на мінулае. Дзьмухаўцы і іншую шматметровую фларыстыку з пластыку для экспазіцыі стварыла Таццяна Гомза. Сімвалам — пажаданнем радасці і дабрабыту мінчанам стане велічэзны "Кубак" Андрэя Шыловіча.

Упершыню ў Мінск прыедзе аўтарскі калектыў з Германіі Tape That, які створыць трохметровы празрысты "Экран" на адкрыцці выставы.

"Важная падзея — 950-годдзе Мінска — знойдзе крэатыўнае адлюстраванне ў прадстаўленых аб'ектах. Аўтары прадставяць гледачу сапраўдны феерверк смелых ідэй і формаў. "Арт-астравы" стануць яскравай мастацкай падзеяй не толькі для Мінска, але і для ўсёй Беларусі", — адзначыла дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, куратар праекта Наталля Шаранговіч.

Адкрыецца экспазіцыя 15 чэрвеня ў 18.00. Арт-аб'екты будуць даступныя для наведвання да сярэдзіны верасня.

Выставу "Арт-Астравы" праводзяць Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў і "Альфа-Банк" (Беларусь) пры падтрымцы Міністэрства культуры і Мінгарвыканкама.
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН