Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/12/907242_907243/
Дата раздрукоўкі: 18.08.2017 21:20
12.06.2017 09:22 Эканоміка, Грамадства

Траціна апытаных бізнесменаў лічаць карупцыю распаўсюджанай з'явай у Беларусі

Мінск, 12 чэрвеня. Карупцыя ў Беларусі застаецца распаўсюджанай з'явай. Такое меркаванне выказала траціна апытаных прадстаўнікоў звыш 400 малых і сярэдніх прадпрыемстваў краіны.
Апытанне, якое ў красавіку—маі гэтага года праводзілася па замове Даследчага цэнтра ІПМ, было прысвечаны стану дзелавога клімату ў краіне.

"Карупцыя павялічвае выдаткі бізнесу і затым, як правіла, яны прыводзяць да павелічэння кошту прадукцыі і паслуг. Таму натуральна, што мы, цікавячыся ў малых і сярэдніх прадпрыемстваў умовамі вядзення бізнесу, задавалі і пытанне, якое тычыцца карупцыі", — адзначыў у каментары БелаПАН старшыня назіральнага савета Даследчага цэнтра ІПМ Ігар Пеліпась.

Ён паведаміў, што ў ходзе апытання 22,6% апытаных прадпрыемстваў указалі на шырокае распаўсюджванне ў краіне карупцыі, 8,1% заявілі аб яе паўсюднай прысутнасці.

Дадзеныя іншых апытанняў пацвярджаюць, што карупцыя ў Беларусі з'яўляецца вельмі прыкметнай з'явай. Так, у матэрыялах для інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, якія ў маі разаслаў Інфармацыйна-аналітычны цэнтр (ІАЦ) пры Адміністрацыі прэзідэнта, прыводзяцца дадзеныя аб выніках апытання насельніцтва па гэтым пытанні.

Як паведамляе ІАЦ, у ходзе рэспубліканскага апытання 45,5% апытаных заявілі, што такая з'ява, як карупцыя, прысутнічае ў беларускім грамадстве (31,5% адзначылі, што яна "распаўсюджана дастаткова шырока", 14% — "паўсюдна").

На думку экспертаў, распаўсюджванню карупцыі спрыяе існая структура эканомікі, якая характарызуецца высокай доляй дзяржуласнасці і ўдзелам дзяржавы ў многіх эканамічных працэсах.

"Карупцыя заўсёды большая ў тых краінах, у якіх вышэйшая доля дзяржавы ў эканоміцы. Дзяржпраграмы, вялікія аб'ёмы дзяржзакупак — усё гэта спрыяе павелічэнню карупцыі. Зніжэнне долі дзяржавы ў эканоміцы — дастаткова эфектыўны негвалтоўны метад барацьбы з гэтым злом", — мяркуе Ігар Пеліпась.

Падобнага да гэтага меркавання прытрымліваюцца і іншыя эканамісты.

"У Беларусі, паводле нашых ацэнак, 80% актываў належыць дзяржаве, а павінна быць, калі мы хочам раўняцца на краіны з рыначнай эканомікай, 15—20%. Тады ў выпадку ўкаранення празрыстых прынцыпаў і сучасных стандартаў карпаратыўнага кіравання карупцыю можна звесці да мінімуму", — заявіў БелаПАН кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук.

20 гадоў таму, у чэрвені 1997 года, у Беларусі быў прыняты першы закон аб барацьбе з карупцыяй. А ў канцы мая гэтага года была зацверджана Рэспубліканская праграма па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2017—2019 гады. Разам з тым статдадзеныя апошніх гадоў паказваюць, што колькасць правапарушэнняў у гэтай сферы застаецца на адным узроўні: у 2015—2016 гадах штогод у Беларусі выяўлялася каля 1.600 карупцыйных злачынстваў.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН