Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/13/907567_589647/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2017 03:11
13.06.2017 20:52 Палітыка, Грамадства

Паводле звестак праваабаронцаў, КДБ спыніў справу "аб масавых беспарадках" у дачыненні да ўсіх маладафронтаўцаў

Мінск, 13 чэрвеня. Усе шасцёра актывістаў грамадскага аб'яднання "Малады фронт" (не зарэгістраваны ў Беларусі), якія фігуравалі ў распачатай на падставе часткі 3 артыкула 293 КК справе, атрымалі паведамленні з Камітэта дзяржаўнай бяспекі аб спыненні крымінальнага пераследу з прычыны адсутнасці ў іх дзеяннях складу злачынства, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Інфармацыю адносна сябе праваабаронцам пацвердзіў адзін з фігурантаў — Зміцер Крамянецкі. Услед за іншымі актывістамі "Маладога фронту" — Зміцерам Дашкевічам, Сяргеем Пальчэўскім, Раманам Васільевым — Крамянецкі паведаміў аб атрыманні ім адпаведнай паперы з КДБ з паведамленнем пра спыненне крымінальнай справы.

Аналагічная інфармацыя пацвердзілася таксама адносна Уладзіміра Яроменка і Арцёма Леўчанкі, якія 1 красавіка выйшлі з СІЗА № 1 пад падпіску аб нявыездзе.

Як мяркуюць праваабаронцы, зыходзячы з паведамленняў пра тых, з каго таксама знятыя ўсе абвінавачанні (Мікалай і Ян Міхальковы, Сяргей Кулініч), можна меркаваць, што крымінальны пераслед спыняецца ў адносiнах толькі тых фігурантаў справы "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў", якім не было выстаўленае дадатковае абвінавачанне на падставе артыкула 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання).

Затрыманні паводле абвінавачання ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў пра "баевікоў, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй". КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба "Белы легіён" (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту". Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, дамашні арышт).

Паводле звестак праваабаронцаў, у СІЗА КДБ і СІЗА МУС пад вартай застаюцца 14 чалавек, затрыманых з выстаўленнем абвінавачанняў у "падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" на Дзень Волі 25 сакавіка ў Мінску.

Кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык лічыць заўчасным гаварыць пра тое, ці дойдзе справа "Белага легіёна" да суда. Пра гэта ён заявіў 13 чэрвеня журналістам у Палаце прадстаўнікоў, адказваючы на пытанне, ці будзе перададзеная ў суд справа з улікам таго, што яе фігурантаў пачалі адпускаць.

"Гэта заўчасна казаць пра гэтыя пытанні. Справа ў тым, што следства аб'ектыўна разбіраецца з тымі праблемамі, якія ёсць, — сказаў Вакульчык. — Вы выдатна ведаеце, што абвінавачанні сур'ёзныя былі выстаўленыя, але ў каго не было доказаў або хто невінаватыя, ім усё спынена. І гэтая праца ідзе для таго, каб аб'ектыўна разабрацца".
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН