Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/13/907577_897456/
Дата раздрукоўкі: 18.08.2017 21:09
13.06.2017 22:15 Спорт, Эканоміка

МАЗ выставіць тры экіпажы на міжнародным ралі-рэйдзе "Шаўковы шлях — 2017"

Мінск, 13 чэрвеня. Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" выставіць тры экіпажы на міжнародным ралі-рэйдзе "Шаўковы шлях — 2017", якое пройдзе з 7 па 22 ліпеня, паведамілі ў ААТ "МАЗ".

"Шаўковы шлях" можа стаць адным з самых складаных марафонаў у гісторыі. Працягласць спецучасткаў — рэкордныя 4.089 км. "Ралі летась перасягнула па складанасці "Дакар", а сёлета стане яшчэ больш суровым, — сказаў кіраўнік каманды Сяргей Вязовіч. — Пры гэтым доўгія спецучасткі стануць дадатковымі цяжкасцямі. Па ўсёй бачнасці, гэта будзе знясільваючая гонка, якая праверыць на трываласць не толькі баявыя машыны, але і людзей".

Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" выставіць на ралі тры аўтамабілі, якія ўжо пабывалі на "Дакары". Машыны практычна не змяніліся, хіба што спецыялісты папрацавалі над рухавікамі — зрабілі іх больш магутнымі і надзейнымі. Акрамя таго, у кабінах усталявалі новыя кандыцыянеры, каб перажыць анамальную спёку ў пустыні Гобі. Для гонкі таксама прадугледзелі два тыпы шын — для цвёрдых дарог і пяскоў.

Канкурэнцыю беларусам складуць наймацнейшыя пілоты свету. КАМАЗ выставіць адразу пяць экіпажаў. У гонцы возьме ўдзел галандзец Жэрар дэ Рой на Iveco, пераможца леташняга "Дакара". На ралі таксама выступяць гоншчыкі на грузавіках Tatra і Renault.

Ралі-рэйд "Шаўковы шлях — 2017" пройдзе з 7 па 22 ліпеня па тэрыторыях трох краін — Расіі, Казахстана і Кітая. Гонка прывядзе экіпажы з Масквы ў кітайскі горад Сіань. Працягласць усяго маршруту складзе 9.608 км, з якіх 4.089 км прыпадуць на спецучасткі. Гоншчыкам трэба будзе пераадолець горныя ўчасткі, камяністую бездараж і барханы. З многімі перашкодамі экіпажы сутыкнуцца ўпершыню.

Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" рэгулярна выступае на міжнародным ралі-рэйдзе "Шаўковы шлях". Летась адразу тром беларускім экіпажам удалося ўвайсці ў першую дзясятку.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН