Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/14/907584_258963/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2017 18:07
14.06.2017 09:02 Палітыка, Эканоміка

ЗША працягнулі санкцыі ў дачыненні да Беларусі

Вашынгтон, 14 чэрвеня. Злучаныя Штаты Амерыкі працягнулі санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Адміністрацыі прэзідэнта ЗША, апублікаваным у аўторак вечарам на сайце Белага дома.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп апавясціў кангрэс пра сваё рашэнне працягнуць дзеянне ўказа, прынятага Джорджам Бушам у 2006 годзе, аб санкцыях у дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў. "Дзеянні членаў урада Беларусі і іншых асоб працягваюць падрываць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ў краіне", — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

У дакуменце адзначаецца, што ўлады Беларусі ўсё такім жа чынам "парушаюць правы чалавека, ажыццяўляюць палітычныя рэпрэсіі і вядуць карупцыйную дзейнасць, што ўяўляе надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы ЗША". "З-за гэтай прычыны я лічу неабходным працягнуць надзвычайнае становішча, уведзенае прэзідэнцкім указам 13405 у дачыненні да Беларусі", — заявіў Трамп.

Рашэнне аб працягу ўказа Джорджа Буша прымаецца раз на год — у іншым выпадку праз тры месяцы пасля чарговай даты дакумент страчвае сілу. Такім чынам, санкцыі ў дачыненні да Беларусі працягнутыя да 16 чэрвеня 2018 года.

Першапачаткова паведамлялася, што візавыя і фінансавыя абмежаванні ўводзіліся для дзесяці чалавек. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі і яго сына, памочніка па нацыянальнай бяспецы Віктара Лукашэнкі, у спіс былі ўключаныя сакратар Савета бяспекі, міністры юстыцыі і ўнутраных спраў, старшыня КДБ, кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі. Амерыканскім кампаніям забаронена заключаць здзелкі з гэтымі людзьмі. Пазней прадстаўнікі ЗША не называлі лік чыноўнікаў, якія трапляюць пад санкцыі, і іх прозвішчы.
Таццяна Барталь, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН