Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/14/907613_558962/
Дата раздрукоўкі: 19.01.2018 12:34
14.06.2017 13:00 Палітыка

МЗС: Шкадуем, што ў палітыцы новай адміністрацыі ЗША захоўваюцца стэрэатыпы пра Беларусь

Мінск, 14 чэрвеня. Міністэрства замежных спраў шкадуе, што ў палітыцы новай адміністрацыі ЗША захоўваюцца састарэлыя і зусім неаб'ектыўныя стэрэатыпы пра Беларусь. Так пракаментавала начальнік аддзела прэс-службы МЗС Беларусі Марыя Ваньшына рашэнне прэзідэнта ЗША працягнуць санкцыі ў адносінах да шэрагу беларускіх чыноўнікаў.

"Для нас абсалютна непрымальным з'яўляецца сцвярджэнне амерыканскага боку аб тым, што Беларусь, якая робіць усё магчымае для ўмацавання рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі, можа ўяўляць для ЗША якую б там ні было пагрозу. Верагодна, патрабуецца больш часу для таго, каб пераадолець пэўную інерцыю, якая ўсё яшчэ прысутнічае ў нашых адносінах", — адзначыла прадстаўнік МЗС.

Ваньшына падкрэсліла, што Беларусь нацэленая на працяг распачатага канструктыўнага дыялогу з ЗША і паслядоўна выступае за ўзаемавыгаднае двухбаковае супрацоўніцтва, развіццё якога будзе спрыяць пазітыўным зменам у знешнепалітычных падыходах Вашынгтона.

Як паведамлялася раней, 14 чэрвеня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп апавясціў кангрэс пра сваё рашэнне працягнуць дзеянне ўказа, прынятага Джорджам Бушам у 2006 годзе, аб санкцыях у дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў. "Дзеянні членаў урада Беларусі і іншых асоб працягваюць падрываць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ў краіне", — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

У дакуменце адзначаецца, што ўлады Беларусі ўсё такім жа чынам "парушаюць правы чалавека, ажыццяўляюць палітычныя рэпрэсіі і вядуць карупцыйную дзейнасць, што ўяўляе надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы ЗША". "З-за гэтай прычыны я лічу неабходным працягнуць надзвычайнае становішча, уведзенае прэзідэнцкім указам 13405 у дачыненні да Беларусі", — заявіў Трамп.

Рашэнне аб працягу ўказа Джорджа Буша прымаецца раз на год — у іншым выпадку праз тры месяцы пасля чарговай даты дакумент страчвае сілу. Такім чынам, санкцыі ў дачыненні да Беларусі працягнутыя да 16 чэрвеня 2018 года.

Першапачаткова паведамлялася, што візавыя і фінансавыя абмежаванні ўводзіліся для дзесяці чалавек. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі і яго сына, памочніка па нацыянальнай бяспецы Віктара Лукашэнкі, у спіс былі ўключаныя сакратар Савета бяспекі, міністры юстыцыі і ўнутраных спраў, старшыня КДБ, кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі. Амерыканскім кампаніям забаронена заключаць здзелкі з гэтымі людзьмі. Пазней прадстаўнікі ЗША не называлі лік чыноўнікаў, якія трапляюць пад санкцыі, і іх прозвішчы.

У красавіку 2017 года Міністэрства фінансаў ЗША працягнула да 30 кастрычніка прыпыненне санкцый у дачыненні да некаторых беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку канцэрна "Белнафтахім", прадпрыемстваў "Белшына" (Бабруйск), "Гродна Азот", "Гродна Хімвалакно", "Лакафарба" (Ліда), "Нафтан" і "Полацк Шкловалакно".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН