Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/14/907675_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2017 18:07
14.06.2017 16:46 Палітыка

Беларусь заклікае Савет ААН скасаваць мандат спецдакладчыка па сітуацыі ў краіне

Мінск, 14 чэрвеня. Беларусь заклікае Савет ААН па правах чалавека скасаваць мандат спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры аддзяленні ААН у Жэневе Юрый Амбразевіч, выступаючы 14 чэрвеня на сесіі СПЧ падчас разгляду даклада па сітуацыі ў Беларусі.
Амбразевіч адзначыў, што ў 2012 годзе мандат спецдакладчыка быў зацверджаны 15 галасамі, а гэта менш за трэць членскага складу Савета ААН па правах чалавека. На яго думку, гэта падрывае давер да дзейнасці СПЧ, дыскрэдытуе яго ў вачах структур ААН і міжнароднай супольнасці ў цэлым. "Зацвярджэнне мандата дэ-факта адной вузкай групай краін таксама прымушае сумнявацца ў наступнай непрадузятай дзейнасці мандатарыя, —  заявіў Амбразевіч. — Стварэнне мандатаў без згоды ўрада закранутай краіны з`яўляецца неэфектыўным метадам работы і з`яўляецца ўмяшаннем ва ўнутраныя справы дзяржавы".

Паводле слоў Амбразевіча, за "бясплодным мандатам" па Беларусі стаяць краіны ЕС і ЗША. Ён падкрэсліў, што з Бруселем і Вашынгтонам Мінск вядзе двухбаковыя кансультацыі, у тым ліку па пытаннях правоў чалавека, што з`яўляецца "належным доказам ў адкрытасці Беларусі".

"Два гады ўзаемадзеяння з ЕС без яго аднабаковых санкцый у дачыненні да Беларусі прынеслі ўсім удзельнікам больш пладоў, чым папярэднія 15 гадоў абмежаванняў і забарон", — заявіў Амбразевіч.

Ён зазначыў, што прынцыповая пазіцыя Беларусі аб бессэнсоўнасці і непатрэбнасці мандата застаецца нязменнай. "Перакананыя, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі кардынальна не адрозніваецца ад большасці краін свету і не нясе пагрозы ні грамадзянам Беларусі, ні нашым суседзям, ні сусветнай супольнасці ў цэлым", — сказаў дыпламат.

Амбразевіч ніяк не пракаментаваў змест даклада пра сітуацыю ў Беларусі, у якім адзначаецца "хуткае і рэзкае пагаршэнне агульнай сітуацыі з правамі чалавека" ў краіне за перыяд з красавіка 2016-га па сакавік 2017 года.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН