Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/15/eu_eu_907885_589647/
Дата раздрукоўкі: 20.11.2017 23:56
15.06.2017 19:59 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Сямашка: Прызнанне літоўскім сеймам Беларускай АЭС пагрозай нацыянальнай бяспецы — яскравае сведчанне палітызаванасці працэсу

Мінск, 15 чэрвеня. Прызнанне літоўскім сеймам Беларускай АЭС пагрозай нацыянальнай бяспецы з`яўляецца "яскравым сведчаннем палітызаванасці ўсяго гэтага працэсу", заявіў журналістам намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка 15 чэрвеня ў межах нарады бакоў Канвенцыі Эспа, якая праходзіць у Мінску.
"Гэта вось якраз сведчанне таго, што гэта палітызаваны працэс. І заўтра прыедзе на заключнае пасяджэнне міністр літоўскі (міністр навакольнага асяроддзя Кястуціс Навіцкас. — БелаПАН.), які будзе гаварыць і каментаваць гэтае рашэнне", — сказаў Сямашка.

"Мы як нацыя, беларусы, наша дзяржава, Рэспубліка Беларусь, якія найбольш пацярпелі ад чарнобыльскай трагедыі, разумеем, што такое будаваць атамную станцыю і выканаць усе-ўсе патрабаванні, выпрацаваныя сумным вопытам чалавецтва", — заявіў ён.

Паводле слоў Сямашкі, для Беларусі важная ацэнка атамнай станцыі, што будуецца, з боку МАГАТЭ, у спецыялістаў агенцтва, якія наведвалі краіну, да АЭС "няма ніякіх заўваг". "Для нас важная ацэнка сусветнай супольнасці, якая разумее, што такое ядзерная энергетыка, якія прафесіяналы. Хоць і ацэнка Эспа таксама важная", — сказаў віцэ-прэм`ер.

Ён заявіў, што па тэксце запланаванай да прыняцця на нарадзе бакоў Канвенцыі Эспа рэзалюцыі "рашэння пакуль яшчэ няма канчатковага". "Я не хачу апярэджваць рашэнне, якое можа з`явіцца, ёсць энная колькасць варыянтаў і г. д. Але я павінен заўважыць пры гэтым, што занадта гэты працэс палітызаваны: глядзяць не ў само пытанне, не ў сутнасць пытання, а занадта палітызуюць", — падкрэсліў прадстаўнік урада.

Сейм Літвы 15 чэрвеня прыняў закон аб прызнанні БелАЭС, якая будуецца, небяспечнай, пагрозай для літоўскай нацыянальнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і грамадскага здароўя. Як лічыць кіраўнік парламенцкага камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны Вітаўтас Бакас, "як у сярэдняй, так і ў доўгатэрміновай перспектыве" прыняты закон будзе мець вялікае значэнне "для бяспекі людзей, якасці іх жыцця і прагрэсу дзяржавы". Узводзячы небяспечную АЭС, Беларусь парушае тры міжнародныя канвенцыі, праект з`яўляецца непразрыстым, дадаў ён.

Раней літоўскі сейм прыняў закон, якім плануецца абмежаваць імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расіі.

Беларуская АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расіі, для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ты.

Літва сцвярджае, што працы вядуцца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Мінск гэтыя прэтэнзіі адхіляе.

13—16 чэрвеня ў беларускай сталіцы праходзяць сёмае нарада бакоў Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (Канвенцыя Эспа) і трэцяя сесія нарады бакоў пратакола аб стратэгічнай экалагічнай ацэнцы. Арганізатарамі форуму выступілі Еўрапейская эканамічная камісія ААН (UNECE) і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.

Канвенцыя была ініцыяваная Еўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН, падпісаная ў Эспа (Фінляндыя) у 1991 годзе і ўвайшла ў сілу праз шэсць гадоў. У адпаведнасці з дакументам працэдура ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (уключаючы публічныя абмеркаванні) патэнцыйна небяспечных праектаў павінна праводзіцца не толькі ўнутры дзяржавы, але і ў сумежных краінах.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН