Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/16/907950_907951/
Дата раздрукоўкі: 26.06.2017 13:31
16.06.2017 13:11 Эканоміка, Грамадства, Фінансы

Кліенты "БСБ Банка" могуць сутыкнуцца з цяжкасцямі пры разліку яго плацежнымі карткамі

Мінск, 16 чэрвеня. Кліенты "БСБ Банка" могуць сутыкнуцца з цяжкасцямі пры разліку яго плацежнымі карткамі, вынікае з аператыўнай інфармацыі, размешчанай раніцай 16 чэрвеня на сайце банка.

"На гэты момант "Белінвестбанк", "Белаграпрамбанк", "БПС-Ашчадбанк" і "Прыёрбанк" заблакавалі карткі "БСБ Банка". Такім чынам, не праходзяць аперацыі ў арганізацыях гандлю па тэрміналах, у банкаматах названых банкаў і на заправачных станцыях", — гаворыцца ў паведамленні.

"БСБ Банк" інфармуе кліентаў, што яны могуць зняць наяўныя грошы ў банкаматах банка. "У выпадку калі грашовыя сродкі ў якім-небудзь з банкаматаў скончацца, банк будзе іх папаўняць", — адзначаецца ў паведамленні.

Акрамя таго, удакладняецца, што кліенты "БСБ Банка" могуць свабодна здымаць грашовыя сродкі ў банкаматах банкаў — партнёраў сістэмы банкаўскага абслугоўвання: "Банк БелВЭБ", "Тэхнабанк", "Альфа Банк", "Банк Масква-Мінск", "РРБ-Банк" , "Ідэя Банк".

Банк абяцае аператыўна ўносіць актуальную інфармацыю аб даступных грашовых сродках у банкаматах. Іх спіс можна паглядзець на сайце гэтай фінансавай установы.

Як паведамлялася раней, з 26 чэрвеня Нацбанк адклікае у ЗАТ "БСБ Банк" ліцэнзію на асобныя банкаўскія аперацыі з фізічнымі асобамі. Са згаданай даты банк не будзе ажыццяўляць дзейнасць па ўкладных аперацыях, а таксама па аперацыях з плацежнымі карткамі фізічных асоб. З гэтага дня кліентам стане недаступнае зняцце і папаўненне грашовымі сродкамі бягучых рахункаў фізічных асоб і карт-рахункаў банка, разлікі па яго плацежных картах. У паведамленні рэгулятара гаварылася, што рашэнне наконт працы "БСБ Банка" з фізічнымі асобамі прынята "з улікам выяўленых у ходзе праверкі банка парушэнняў і недахопаў у яго дзейнасці". Бягучым укладчыкам грошы будуць вернутыя.

Пры гэтым "БСБ Банк" працягвае ў поўным аб'ёме працаваць з юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН